Мінск 14:30

Ціханоўскай прадставілі канцэпцыю Беларускага даследчага ўніверсітэта Валовіча

Ілюстрацыя: старонка ўніверсітэта Валовіча ў "Фэйсбуку"

11 сакавіка, Позірк. Аб праведзенай сустрэчы Святланы Ціханоўскай з ініцыятыўнай групай па стварэнні Беларускага даследчага ўніверсітэта імя Астафія Валовіча паведаміла 11 сакавіка прэс-служба дэмлідара.

Адзначаецца, што на сустрэчы, якая прайшла напярэдадні, палітыку была прадстаўлена канцэпцыя дзейнасці ўніверсітэта.

“Праект цяпер знаходзіцца на этапе падрыхтоўкі да рэгістрацыі ў Польшчы”, — гаворыцца ў паведамленні.

На сустрэчы прысутнічалі кандыдат філасофскіх навук і прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Баркоўскі, доктар мовазнаўства і амерыканскі прафесар-беларусіст Курт Вулхайзер, прафесар сацыялогіі Андрэй Вардамацкі, кандыдат філалагічных навук Дзмітрый Нікановіч, кандыдат сацыялагічных навук Аляксей Ластоўскі і іншыя даследчыкі.

Бакі “абмеркавалі выклікі, якія стаяць перад праектам, а таксама магчымасці падтрымкі новай адукацыйнай ініцыятывы”.

“Асобная ўвага была ўдзелена пытанням фарміравання акадэмічнай каманды, тэрмінам афіцыйнай рэгістрацыі ўніверсітэта і планам пачатку яго працы. Таксама ўдзельнікі сустрэчы абмеркавалі ролю новай установы ў беларускай акадэмічнай прасторы і яе магчымую экспертную падтрымку для дэмакратычных інстытутаў і ініцыятыў”, — адзначаецца ў паведамленні.

“Многія беларускія навукоўцы вымушаныя працягваць працу за межамі краіны, але яны ўсё роўна застаюцца часткай беларускай акадэмічнай супольнасці. Таму стварэнне новых незалежных адукацыйных і даследчых інстытутаў — вельмі важны крок. Такія праекты дапамагаюць захоўваць і развіваць беларускую навуку нават у выгнанні”, — заявіла па выніках сустрэчы Ціханоўская.

У канцы верасня летась у Польшчы была зарэгістраваная Асацыяцыя па стварэнні Беларускага даследчага ўніверсітэта імя Астафія Валовіча (Astafiej Valovic Belarusian Research University).

У студзені 2024 года Аб’яднаны пераходны кабінет паведамляў, што будзе працаваць над стварэннем беларускага ўніверсітэта з навукова-даследчым профілем за мяжой.

У траўні мінулага года член аргкамітэта Павел Баркоўскі паведаміў, што бюджэт установы спланаваны на ўзроўні амаль 6 млн еўра — за кошт спонсарскіх праграм, данатаў і фондаў, індывідуальных і інстытуцыйных міжнародных даследчых грантаў, а таксама платных паслуг — за навучанне на асобных праграмах, выкананне навуковых і практычна-навуковых даследаванняў.

Астафій Валовіч (1520–1587) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.

Падзяліцца: