Мінск 10:29

Пракуратура Польшчы прыпыніла расследаванне справы экс-суддзі Шмыта, які збег у Беларусь

Фота: старонка Томаша Шмыта ў "Фэйсбуку"

11 сакавіка, Позірк. У Польшчы прыпыненае расследаванне справы экс-суддзі Томаша Шмыта, які ўцёк у Беларусь, паведамляе Wirtualna Polska.

Рашэнне прынятае ў сувязі з немагчымасцю правядзення працэсуальных дзеянняў з удзелам падазраванага.

“Расследаванне дзейнасці былога суддзі Томаша Шмыта было прыпыненае 7 лістапада 2025”, — паведаміў прэс-сакратар Нацыянальнай пракуратуры Польшчы Пшэмыслаў Новак.

Паводле яго слоў, раней пракуратура праводзіла збор доказаў, аналізавала дакументы і іншыя крыніцы інфармацыі, дапытвала сведак.

Улады Беларусі не аказалі прававой дапамогі польскаму боку па гэтай справе, сказаў Новак. Ён падкрэсліў, што статус палітычнага ўцекача экс-суддзі выключае магчымасць яго экстрадыцыі.

13 снежня 2024 года акруговы суд у Варшаве выдаў на арышт Шмыта еўрапейскі ордэр. Ён дзейнічае толькі на тэрыторыі дзяржаў, якія ўваходзяць у Еўрасаюз, гэта значыць дакумент не будзе мець рэальнай сілы, пакуль перабежчык не перасячэ мяжу адной з краін ЕС.

Пракуратура Польшчы тады паведаміла, што Шмыт адшукваецца з 9 верасня 2024 года.

Раней пракуратура паведамляла, што 30 жніўня 2024-га вышэйзгаданы суд “ужыў часовы арышт у дачыненні да былога суддзі” Шмыта, “падазраванага ў здзяйсненні злачынстваў у рамках арганізаванай злачыннай групы, члены якой з выкарыстаннем займаных пасад у судовай сістэме здзяйснялі злачынствы, звязаныя з неправамернай апрацоўкай персанальных даных суддзяў, якія змяшчаюцца ў розных службовых дакументах”.

“Яны таксама раскрывалі несанкцыянаваным асобам інфармацыю, атрыманую падчас службовых абавязкаў, у тым ліку перадавалі журналістам для публікацыі, размяшчалі абразлівыя і паклёпніцкія матэрыялы ў сацыяльных сетках. Часовы арышт ужыты з неабходнасцю абвяшчэння ў вышук падазраванага Томаша Ш.”, — гаварылася ў заяве.

Пра тое, што суддзя 2-га аддзялення Ваяводскага адміністрацыйнага суда Варшавы Томаш Шмыт збег у Беларусь, стала вядома 6 траўня 2024 года з паведамлення тэлеграм-канала, створанага за тры дні да таго ад яго імя на польскай і рускай мовах. У ім сцвярджалася, што мужчына вымушана пакінуў Польшчу “з прычыны нязгоды з палітыкай і дзеяннямі ўладаў”. Ён нібыта “падвяргаўся пераследам і пагрозам за самастойную палітычную пазіцыю”.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў 7 траўня, што спецслужбы Беларусі даўно працавалі са Шмытам, яго стасункі з беларусамі “маюць даўнюю гісторыю”, гэта не справа “апошніх месяцаў”.

9 траўня Шмыт быў звольнены Вышэйшым адміністрацыйным судом на падставе яго заявы. Нацыянальная пракуратура Польшчы пачала расследаванне.

Медыя Gazeta Wyborcza са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла 10 кастрычніка, што Мазавецкі ваявода на падставе запыту Нацыянальнай пракуратуры Польшчы ануляваў пашпарт перабежчыка.

22 лістапада 2024 года стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка даў Шмыту палітычны прытулак.

Падзяліцца: