Цапкала абмеркаваў з часовым прэзідэнтам Сената ЗША крокі на выпадак “правалу намаганняў Трампа па вызваленні палітвязняў”

10 сакавіка, Позірк. Аб сустрэчы з часовым прэзідэнтам Сената ЗША Чакам Граслі паведаміў 10 сакавіка экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта (2020), былы кіраўнік Парка высокіх тэхналогій (2005–2017) і экс-амбасадар Беларусі ў ЗША (1997–2002), які цяпер знаходзіцца ў Злучаных Штатах, Валерый Цапкала.
Паводле яго слоў, на сустрэчы Граслі быў праінфармаваны “пра намаганні, якія прадпрымаюцца [прэзідэнтам ЗША] Дональдам Трампам, [спецпасланнікам прэзідэнта ЗША па Беларусі] Джонам Коўлам і [намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША] Крыстаферам Смітам у пытаннях вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі”.
Таксама Цапкала паведаміў амерыканскаму палітыку пра “гуманітарныя намаганні нефармальнага клуба нобелеўскіх лаўрэатаў”, якія робяць намаганні “па пытаннях глабальнага парадку дня — ад пераадолення лічбавай няроўнасці да пасляваеннага аднаўлення Сірыі і Газы, і, вядома, па пытаннях вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі”.
“Мы выказалі ўдзячнасць амерыканскаму боку за намаганні, якія ўжо прывялі да вызвалення значнай групы палітычных зняволеных”, — дадаў ён.
“Асобна мы спыніліся на абмеркаванні канкрэтных крокаў, якія амерыканскія заканадаўцы маглі б зрабіць у выпадку правалу намаганняў прэзідэнта Трампа па вызваленні палітычных зняволеных і закрыцці крымінальных спраў”, — адзначыў Цапкала.
Намінальным старшынёй Сената ЗША (President of the Senate) з’яўляецца віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс, які заняў гэтую пасаду 20 студзеня 2025 года. Фактычнае кіраўніцтва ажыццяўляе лідар большасці, а часовым прэзідэнтам Сената з’яўляецца Чак Граслі.
Раней падчас знаходжання ў ЗША Цапкала паведамляў пра свае сустрэчы са спецыяльным памочнікам прэзідэнта ЗША Чарльзам Маклафлінам, намеснікам дарадцы прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Эндру Бейкерам і іншымі высокапастаўленымі прадстаўнікамі Вашынгтона.
24 снежня мінулага года спецпасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Беларусі Джон Коўл абверг датычнасць Цапкалы да перамоў з амерыканскай адміністрацыяй, у выніку якіх былі вызвалены беларускія палітвязні.
Коўл адрэагаваў у сетцы “Х” на пытанне з фэйкавага акаўнта суда Цэнтральнага раёна Мінска, у якім яго прасілі пацвердзіць ці абвергнуць інфармацыю пра тое, што Цапкала даваў парады і дапамагаў Коўлу ў пытанні вызвалення палітвязняў.
“Не, ён гэтага не рабіў. Гэта было зроблена мною, прэзідэнтам Трампам, [намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША] Крысам Смітам і выдатнай камандай урада ЗША”, — напісаў Коўл.
Пра свае пастаянныя кантакты з Коўлам Цапкала паведаміў у інтэрв’ю ютуб-каналу The Insider Live 23 снежня. Паводле яго сцвярджэння, яны тэлефануюць адзін аднаму “прыкладна раз на тыдзень”.
10 сакавіка навінавы партал Delfi са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміў, што спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл 18 сакавіка прыбудзе ў Вільнюс, пасля чаго накіруецца ў Мінск.
Як правіла, візіты прадстаўнікоў адміністрацыі Дональда Трампа суправаджаюцца вызваленнем часткі палітвязняў па выніках перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам. У абмен магчыма зняцце санкцый, як гэта ўжо адбылося з “Белавія” і “Беларуськаліем”.

- Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 10 сакавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка9 сакавіка больш за 10 мігрантаў спрабавалі трапіць у Польшчу з беларускай тэрыторыі — найбольшая колькасць за апошнія паўмесяцаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка

