Мінск 16:05

“Белавія” скасавала два рэйсы ў Тэль-Авіў на гэтым тыдні

Ілюстрацыйнае фота з тэлеграм-канала "Белавія"

10 сакавіка, Позірк. Нацыянальная авіякампанія “Белавія” скасавала два рэйсы з Мінска ў Тэль-Авіў (Ізраіль), запланаваныя на 12 і 15 сакавіка.

Паводле інфармацыі кампаніі, скасаванне рэйсаў звязанае з тым, што ізраільскія авіяцыйныя ўлады падоўжылі да 16 сакавіка закрыццё паветранай прасторы для замежных авіяперавозчыкаў.

“Пасажыры скасаваных рэйсаў могуць аформіць вяртанне квіткоў па месцы іх набыцця”, — паведаміла “Белавія”.

9 сакавіка амбасада Беларусі ў Тэль-Авіве паведаміла пра магчымасць пакінуць Ізраіль рэгулярнымі рэйсамі авіякампаній гэтай краіны. Было заяўлена, што даступныя квіткі на рэйсы авіякампаній El Al, Israir, Arkia і Air Haifa.

Сітуацыя звязаная з баявымі дзеяннямі на Блізкім Усходзе.

28 лютага Ізраіль і ЗША пасля правалу перамоў па ядзернай праграме Тэгерана распачалі ваенныя аперацыі супраць рэжыму аятолаў у Іране. Вярхоўны лідар Алі Хаменеі, які знаходзіўся ва ўладзе з 1989 года, быў забіты на пачатку баявых дзеянняў. Савет экспертаў Ірана абраў новым вярхоўным лідарам яго сына Маджтабу Хаменеі.

Лукашэнка назваў “напад Ізраіля пры падтрымцы ЗША на Іран” “вераломным” і “непрымальным”.

Падзяліцца: