Мінск 16:37

Ціханоўская абмеркавала з прэзідэнтам Італіі праблему рэпрэсій у Беларусі

Святлана Ціханоўская і прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла
Фота: прэс-служба Ціханоўскай

10 сакавіка, Позірк. Сітуацыю з працяглымі палітычна матываваныя затрыманнямі, рэпрэсіямі ў Беларусі абмеркавалі 9 сакавіка ў Рыме дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская і прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла.

Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага палітыка, Ціханоўская падзякавала кіраўніку італьянскай дзяржавы і народу яго краіны за паслядоўную падтрымку беларусаў і дэмакратычных сіл. Яна адзначыла, што супраца паміж Італіяй і дэмсіламі Беларусі сёння знаходзіцца “на вельмі высокім узроўні” і развіваецца “як на ўрадавым, так і на парламенцкім і муніцыпальным узроўнях”.

Госця таксама падкрэсліла важнасць узмацнення еўрапейскай перспектывы для беларускага народа і супрацьстаяння русіфікацыі і мілітарызацыі Беларусі. 

Ціханоўская распавяла Матарэлу пра супрацу з адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў рамках гуманітарнага трэка, які праводзіць амерыканскі бок. Паводле яе слоў, дэмсілы збудавалі інфраструктуру для таго, каб прымаць палітвязняў, якіх рэжым Аляксандра Лукашэнкі пасля вызвалення высылае з краіны, і дапамагаць рэпрэсаваным. 

Палітык заявіла пра неабходнасць падтрымліваць мабільнасць беларусаў, а таксама беларускую моладзь і грамадства — праз адукацыйныя, культурніцкія і акадэмічныя праграмы. Яна таксама сказала пра важнасць пашырэння магчымасцяў беларускіх студэнтаў, даследчыкаў і маладых спецыялістаў удзельнічаць у еўрапейскіх і італьянскіх праграмах, адукацыйных абменах і стыпендыяльных ініцыятывах.

Прэзідэнту Італіі таксама было паведамлена пра стратэгію дэмсіл ды ініцыятыву круглага стала з удзелам прадстаўнікоў розных палітычных сіл і грамадскіх арганізацый — для мірнага пераходу ўлады пры ўмове спынення рэпрэсій, вызвалення палітвязняў ды інш. Яна падкрэсліла, што Рым мог б “адыграць важную ролю ў садзейнічанні такому дыялогу ў будучыні”.

Як паведамляў “Позірк”, на канферэнцыі “Жанчыны майго часу” 9 сакавіка у італьянскай сталіцы Ціханоўская заклікала “жанчын свабоднага свету” ўзняць свае галасы “ў салідарнасці з беларускамі”.

11 снежня 2025 года беларускі дэмлідар атрымала ў Рыме прэмію імя Маргарэт Тэтчар за абарону свабоды. Ціханоўская прысвяціла яе “смелым беларускім жанчынам, якія змагаюцца за свабоду”, “жалезным ледзі Беларусі” — Марыі Калеснікавай, Кацярыне Андрэевай, Ніне Багінскай ды іншым.

Летась у снежні пры ўдзеле палітыка пачаў працаваць Цэнтр беларускай дэмакратычнай супольнасці ў Фларэнцыі. Увесну 2025-га Ціханоўская атрымала ад мэра гэтага італьянскага горада так званую “Пячатку міру”, якая ўручаецца палітычным і культурніцкім дзеячам, што зрабілі ўнёсак у прасоўванне каштоўнасцяў міру і свабоды.

Увосені ЦІханоўская ўдзельнічала у першым Еўрапейскім форуме за свабоду і дэмакратыю на італьянскім востраве Вентатэне.

Падзяліцца: