Мінск 13:34

Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Коўл неўзабаве наведае Літву, а пасля Беларусь — СМІ

Cпецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл
Архіўнае фота: "Позірк"

10 сакавіка, Позірк. Спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл на наступным тыдні наведае Літву, паведамляе партал навін Delfi са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Паводле звестак медыя, Коўл прыбудзе ў Вільнюс 18 сакавіка, пасля чаго нкіруецца ў Мінск.

Як правіла, візіты прадстаўнікоў адміністрацыі амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа суправаджаюцца вызваленнем часткі палітвязняў па выніках перагавораў з Аляксандрам Лукашэнкам. У абмен магчымае зняццё санкцый, як гэта ўжо адбылося з “Белавія” і “Беларуськаліем”.

12 лютага 2025 года ў выніку перагавораў у Мінску намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафера Сміта і прадстаўнікоў беларускіх уладаў былі вызваленыя і высланыя ў Літву палітвязні Андрэй Кузнечык (супрацоўнік “Радыё Свабода”), Алена Маўшук, а таксама асуджаны ў рамках палітычна матываванай справы амерыканскі і ўкраінскі грамадзянін Мікалай Шугаеў.

21 чэрвеня ў беларускай сталіцы адбыліся перагаворы Лукашэнкі і спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па пытаннях Украіны Кіта Келлага. Неўзабаве пасля гэтага на волю адпусцілі і дэ-факта выслалі з краіны 14 чалавек, пераважна палітвязняў, у тым ліку відэаблогера і палітычнага актывіста Сяргея Ціханоўскага — мужа беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

52 зняволеных, у тым ліку 40 палітычных, былі вызваленыя ў рамках здзелкі паміж адміністрацыяй Трампа і Лукашэнкі 11 верасня. Умовай вызвалення быў выезд вязняў з краіны (адзін з вызваленых — апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч — адмовіўся эміграваць у Літву, куды павезлі групу, вярнуўся на беларускую тэрыторыю і быў вернуты за краты; выйшаў на волю ў лютым 2026-га пасля перанесенага інсульту).

13 снежня 2025 года ў рамках дамоўленасцей паміж Мінскам і Вашынгтонам Лукашэнка вызваліў 123 чалавекі (110 грамадзян Беларусі і 13 замежнікаў) з умовай іх наступнага ад’езду з краіны. Большасць павезлі ва Украіну, адкуль многія перабраліся ў Польшчу, Літву, Германію ды інш.

Кіраўнік Белага дома ўжо тройчы заяўляў пра неабходнасць вызваліць усіх “закладнікаў”, як ён называе палітвязняў.

На фоне гэтых вызваленняў беларускія праваабаронцы рэгулярна прызнаюць палітвязнямі новых людзей, якія зазнаюць пераслед з боку ўладаў. Цяпер у такім статусе знаходзіцца ад 1.139 да 1.182 чалавек (аднак тых, хто зазнаў палітычныя рэпрэсіі ў той ці іншай форме, можа быць значна больш).

Падзяліцца: