Кіраўнік МЗС Беларусі папракнуў Захад у адсутнасці рэакцыі на вызваленне палітвязняў

10 сакавіка, Позірк. Афіцыйны Мінск не бачыць рэакцыі заходніх краін на вызваленне палітвязняў, вынікае з заявы міністра замежных справаў Максіма Рыжанкова 9 сакавіка на дзяржаўным тэлебачанні.
“Вы (Захад. — “Позірк”.) хацелі, каб нейкія людзі выйшлі на волю, якія ледзь не прывялі да калапсу сітуацыю ў нашай краіне. Іх вось выпусцілі. Дзе ваша рэакцыя на гэтыя гуманітарныя крокі прэзідэнта? — сказаў чыноўнік. — Вы кажаце [Мінску зрабіць] неша яшчэ. Ну, хлопцы, так не бывае. І, акрамя таго, калі гэтая супраца будзе ці павінна насіць узаемавыгадны характар, то давайце разам крокі нейкія рабіць. Не бывае толькі вось гэтая мантра: вы павінны, вы павінны, вы павінны. Ну, у рэшце, ніхто нікому не павінен”.
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў дазавана выпускаць палітвязняў у сярэдзіне 2024 года. Частку вызвалілі на падставе ўказаў (апошні раз — 5 сакавіка), частку — па выніках перагавораў з прадстаўнікамі адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа (апошніх, як правіла, адразу высылаюць з краіны; выключэнне — Мікалай Статкевіч). Пасля двух такіх кантактаў амерыканскія ўлады знялі санкцыі з авіякампаніі “Белавія” і прадпрыемства “Беларуськалій”. Пры гэтым кіраўнік Белага дома ўжо тройчы заяўляў пра неабходнасць вызваліць усіх “закладнікаў”, як ён называе палітвязняў.
У той самы час беларускія праваабаронцы рэгулярна прызнаюць палітвязнямі новых людзей, якія трапляюць пад пераслед з боку ўладаў. Цяпер у такім статусе знаходзіцца ад 1.139 да 1.182 чалавек (аднак тых, хто зазнаў палітычныя рэпрэсіі ў той ці іншай форме, можа быць значна больш).
Рыжанкоў у эфіры дзяржТБ таксама заявіў, што палітыка краін Захаду “ссоўваецца ў бок пошуку шляху нармалізацыі стасункаў з Беларуссю”. Тармозяць гэты працэс, сцвярджае ён, палітыкі, якія былі “архітэктарамі нястрымнай санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі і Расіі”.
“Усе разумеюць: ніякіх вынікаў, якія яны закладалі, ад санкцыйнай палітыкі не прынеслі”, — лічыць чыноўнік. Паводле яго слоў, палітычны лад у Беларусі і Расіі ў выніку дзеянняў заходніх краін не змяніўся, улады ў гэтых краінах “толькі яшчэ больш кансалідавалася вакол сваіх лідараў і вакол тых грамадскіх аб’яднанняў, якія сфарміравалі базіс грамадскага развіцця дзяржаў”.
“На сённяшні момант бумерангамі гэтыя санкцыі больш б’юць па самой Еўропе, — перакананы Рыжанкоў. — Але ўстаць сёння і сказаць, мы мелі рацыю, давайце працаваць з Беларуссю — не кожны палітык у Еўрапейскім саюзе можа сабе дазволіць”.
Беларусь, паводле яго слоў, “выдатна развівае” стасункі з Расіяй, Кітаем, Іранам, Блізкім Усходам, Афрыкай: “На працягу гэтых шасці гадоў мы пераарыентавалі практычна ўвесь асноўны наш гандаль. Мы не страцілі нічога ў экспарце. Кожны год гэта прырост. За пяцігодку, здаецца, каля 40%. І далей ідзе прырост. Значыць, мы гарантавалі сваю тэхналагічную бяспеку”.
Рыжанкоў сцвярджае, што ў суседзяў Беларусі — краін Балтыі — “з’явіліся сур’ёзныя праблемы ў развіцці эканомікі, у развіцці сацыяльнай сферы, якія проста згасаюць”. Чыноўнік рэкамендаваў краінам Захаду “ачомацца і ўзгадаць, што тут існуе стабільная дзяржава — Беларусь, маецца вось гэты кавалак мяжы, праз які далей на Расію і да Кітая, да Паўднёва-Усходняй Азіі”.
Паводле яго слоў, Мінск развівае стасункі з Венгрыяй і Славакіяй — членамі ЕС, бо “лідары гэтых краін выступаюць за свае народы, а не за трансатлантычныя карпарацыі”, “не гуляюцца ў палітыку, як дзеці гуляюць у кампутар”.

- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаІнфляцыя ў лютым склала 0,6%, ад пачатку года цэны выраслі на 1% — Белстат (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- ГрамадстваУ Гродне і Нарачы мінулым днём зафіксаваныя тэмпературныя рэкордыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 7–9 сакавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства


