Мінск 21:43

Ціханоўская ў Рыме заклікала жанчын свабоднага свету да салідарнасці з беларускамі

Фота: прэс-служба Ціханоўскай

9 сакавіка, Позірк. З просьбай “падняць свае галасы ў салідарнасці з беларускамі” звярнулася да жанчын свабоднага свету дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на канферэнцыі “Жанчыны майго часу” 9 сакавіка у Рыме.

Мерапрыемства арганізавана Міністэрствам замежных справаў Італіі, у ім прыняў ўдзел міністр Антоніа Таяні, паведаміла прэс-служба дэмлідара.

У Беларусі “жыццё заўсёды ляжала на плячах жанчын”, якія аднаўлялі краіну пасля войнаў, “выхоўвалі дзяцей у адзіночку, калі мужоў забіралі войны, турма ці выгнанне”, сказала Ціханоўская: “Гэта адбываецца і цяпер. Менавіта жанчыны ў 2020 годзе паднялі сцяг і ўзначалілі мірныя пратэсты. І я веру, што менавіта жанчыны ўрэшце разбураць дыктатуру і павярнуць нашую краіну да дэмакратыі і еўрапейскай будучыні, за якую мы змагаемся”.

Асобна яна нагадала пра беларускіх жанчын, якія “праяўляюць мужнасць, нягледзячы на рэпрэсіі і заклікала міжнародную супольнасць праяўляць салідарнасць з беларускімі палітвязнямі”.

“Прынамсі 169 беларускіх жанчын застаюцца за кратамі ў якасці палітычных зняволеных. Іх катуюць. Іх ізалююць. Пазбаўляюць сну. Іх адзіная віна — іх адвага”, — падкрэсліла палітык.

Паводле даных праваабаронцаў, з 2020 года не менш за 1.917 жанчын было асуджана па палітычна матываваных крымінальных справах. Не менш за 15 з іх на гэты момант маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем.

Не менш за 9.400 жанчын сутыкнуліся з адміністрацыйным палітычным пераследам — арыштамі і штрафамі.

Падзяліцца: