Мінск 16:51

Пяць “каліноўцаў” завочна прыгавораныя да працяглых тэрмінаў зняволення

Павел Шурмей (на пярэднім плане)
Архіўнае відэа: прэс-служба ПКК / стоп-кадр: "Позірк"

9 сакавіка, Позірк. Мінскі гарадскі суд 5 сакавіка завочна прыгаварыў пяць былых і цяперашніх байцоў палка Кастуся Каліноўскага да працяглых тэрмінаў пазбаўлення волі, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Тры чалавекі асуджаныя на 25 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму (першыя 5 гадоў — у турме). Так, былы камандзір палка Дзяніс Прохараў прызнаны вінаватым паводле ч. 1 і 2 арт. 3613, ч. 1 і 2 арт. 285, ч. 1 арт. 3611, ч. 2 арт. 3614, ч. 1 і 2 арт. 2904, ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289, ч. 1 арт. 13 і ч. 4 арт. 309, ч. 3 арт. 289, ч. 4 арт. 309, ч. 2 арт. 2905, ч. 1 арт. 357, ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса.

Былы намеснік камандзіра палка, а цяпер прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацбяспецы Вадзім Кабанчук — паводле ч. 1 і 2 арт. 3613, ч. 1 арт. 285, ч. 1 і 2 арт. 3611, ч. 1 і 2 арт. 3614, ч. 1 арт. 2904, ч. 2 арт. 2902 КК, ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289, ч. 1 арт. 13 і ч. 4 арт. 309, ч. 4 арт. 309, ч. 3 арт. 289, ч. 1 арт. 357, ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 2905. Акрамя таго, Кабанчук пазбаўлены вайсковага звання “старшы лейтэнант запасу”.

Суд пастанавіў спагнаць з абодвух штрафы — па 700 базавых велічынь (па 31,5 тыс. рублёў).

Яшчэ адзін экс-камандзір палка, а цяпер член рады камандзіраў Павел Шурмей прыгавораны паводле ч. 1 і 2 арт. 285, ч. 1 і 3 арт. 3611, ч. 1 і 2 арт. 3614, ч. 1 і 2 арт. 3613, ч. 1 арт. 2905, ч. 1 арт. 357, ч. 3 арт. 361, арт. 3691. На яго накладзены штраф у памеры 2.000 б.в. (90 тыс. рублёў).

Яшчэ двое прадстаўнікоў ПКК прыгавораныя да 12 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Гэта інструктар Аляксей Назараў (ч. 1 і 2 арт. 3613, ч. 2 арт. 285, ч. 3 арт. 3611, ч. 1 і 2 арт. 3614, ч. 1 арт. 357, арт. 130, ч. 2 арт. 2905) і штурмавік атрада “Волат” Аляксей Кавальчук (ч. 2 арт. 285, ч. 1 і 2 арт. 3613, ч. 1 і 2 арт. 3614, ч. 1 арт. 368, арт. 3615, ч. 2 арт. 2905, ч. 1 арт. 357). Першы аштрафаваны на 700 б.в., другі — на 500 б.в. (31,5 тыс. і 22,5 тыс. рублёў адпаведна).

Спецвытворчасць у дачыненні да ўсіх пецярых была распачатая 16 кастрычніка 2025 года. Працэс праводзіўся з 28 студзеня 2026-га.

Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. 26 сакавіка таго ж года ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны, а 21 траўня было абвешчана пра яго трансфармацыю ў полк.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі прызнаў ПКК спачатку “экстрэмісцкім фарміраваннем”, а пасля “тэрарыстычнай арганізацыяй”.

Працэдура спецвытворчасці ў Беларусі ў розны час была распачатая ў дачыненні да 165 чалавек. Гэта вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, што вядзе крымінальны працэс.

Магчымая па 34 складах злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый ды інш.

Улады актыўна выкарыстоўваюць спецвытворчасць для абвінавачання, правядзення судоў і канфіскацыі на падставе іх рашэння ўласнасці падсудных, якія знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі.

Даведка “Позірку”:

  • арт. 13 — падрыхтоўка да злачынства;
  • арт. 130 — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;
  • арт. 285 — стварэнне злачыннай арганізацыі або ўдзел у ёй;
  • арт. 289 — акт тэрарызму;
  • арт. 2902 — садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці;
  • арт. 2904 — стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй;
  • арт. 2905 — арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі;
  • арт. 309 — наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін;
  • арт. 357 — змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады;
  • арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі;
  • арт. 3611 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;
  • арт. 3613 (у ранейшай і цяперашняй рэдакцыях) — удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу;
  • арт. 3614 (у ранейшай і цяперашняй рэдакцыях) — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;
  • арт. 3615 — праходжанне навучання або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці;
  • арт. 3691 — дыскрэдытацыя Беларусі.
Падзяліцца: