Ініцыятыва MALDZIS набыла рукапісны архіў першай паловы XIX стагоддзя

9 сакавіка, Позірк. Ініцыятыва MALDZIS 7 сакавіка набыла на аўкцыёне ў Польшчы рукапісны архіў першай паловы XIX стагоддзя, які паходзіць з парафіі непадалёк ад Гродна.
На сайце ініцыятывы адзначаецца, што так званы капіярый — рукапісны зборнік службовых дакументаў і перапіскі — з касцёла ў Вялікіх Эйсмантах (Бераставіцкі раён Гродзенскай вобласці) ёсць вельмі каштоўнай крыніцай інфармацыі пра тагачаснае канфесійнае і свецкае жыццё рэгіёна.
У зборніку захаваліся распараджэнні свецкіх і касцёльных уладаў, звесткі пра жыццё парафіі і мясцовай супольнасці, трапляюцца прозвішчы мясцовых жыхароў, сустракаюцца згадкі пра метрычныя акты, асобныя сямейныя гісторыі, нататкі пра вакцынацыю ад воспы, будаўніцтва касцёла ды інш.
Большасць запісаў, якія вяліся цягам 14 гадоў і датуюцца першай паловай XIX стагоддзя, зрабіў пробашч парафіі Міхал Сезянеўскі (1784–1850).
Кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч адзначыў, што амаль штодзень недзе ў свеце прадаюцца калекцыйныя рэчы, звязаныя з Беларуссю. Аднак, паводле яго слоў, “сустрэць у продажы каштоўнасць, вывезеную з беларускай тэрыторыі, звязаную з ёй зместам і праз паходжанне, калі да таго ж месца ўзнікнення дакладна вядомае, — гэта сапраўдная рэдкасць”.
Рукапісная кніга была набытая на сродкі мецэната Іллі Пакроўскага.
Ініцыятыва мае намер у будучыні вярнуць кнігу ў парафію імя Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах.
“У гэтай гісторыі, як і ў іншых праектах нашай ініцыятывы, важна, што знайшоўся беларус, які прафінансаваў выкуп рукапісу, каб гэты архіў не трапіў у прыватныя калекцыі, а вярнуўся ў Беларусь у якасці грамадскага падарунка”, — падкрэсліў апякун ініцыятывы MALDZIS Рыгор Астапеня.
MALDZIS плануе алічбаваць рукапісны зборнік, каб зрабіць яго дасяжным для ўсіх зацікаўленых гісторыкаў і краязнаўцаў.
Цяперашні мураваны касцел ў Вялікіх Эйсмантах пабудаваны ў 1843–1850 гадах ў стылі класіцызму з рысамі неаготыкі намаганнямі ксяндза Міхала Сезяноўскага і парафіян. Касцёл быў асвечаны 14 красавіка 1851 года.
Пасля паўстання 1863–1864 гадоў касцёл зачынілі. У 1903–1910 гадах рабіліся спробы ўзвесці новы будынак, бо ў выкладзеных з бутавага каменю сценах з’явіліся расколіны, якія пастаянна павялічваліся. Аднак парафіяне ў 1912 годзе за ўласныя сродкі адрамантавалі будынак.
Касцёл дзейнічаў бесперапынна. З 1975 па 1990 год парафія не мела пробашча, але туды даязджалі святары з суседніх парафій. З 1970-х гадоў касцёл мае статус помніка архітэктуры. У 2010 годзе пастановай Савета міністраў храм быў унесены ў спіс помнікаў архітэктуры мясцовага значэння.
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- АнонсыАнонсы падзей на 9 сакавіка — 10 траўня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаПасля амаль 10-дзённага перапынку Польшча зафіксавала спробу незаконнага пераходу мяжы з БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка



