Мінск 11:28

Асноўная прычына росту золатавалютных рэзерваў Беларусі — падвышэнне сусветных цэн на золата, лічыць ЕАБР

Ілюстрацыйнае фота: kranite.com

9 сакавіка, Позірк. Падвышэнне сусветных цэн на золата ў лютым 2026 года стала асноўнай прычынай таго, што золатавалютныя рэзервы (ЗВР) Беларусі абнавілі чарговы гістарычны максімум, вынікае са штотыднёвага макраагляду Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР).

Аналітыкі банка адзначылі, што росту ў першую чаргу спрыяла павелічэнне кошту золата ў структуры ЗВР Беларусі — на 0,41 млрд долараў. Рэзервовыя актывы ў замежнай валюце выраслі за месяц на 0,28 млрд долараў.

ЕАБР канстатаваў, што існы ўзровень рэзерваў забяспечвае пакрыццё больш як 3,5 месяца імпарту тавараў і паслуг.

Пра тое, што міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 сакавіка 2026 года, паводле папярэдніх даных, склалі 16 млрд 366,7 млн долараў у эквіваленце, што з’яўляецца новым рэкордам, Нацыянальны банк паведаміў 4 сакавіка. На пачатак лютага ЗВР, паводле ўдакладненых даных рэгулятара, былі на ўзроўні 15 млрд 701,3 млн долараў. Такім чынам, за люты яны выраслі на 665,4 млн.

Манетарнае золата ў структуры ЗВР цяпер складае 9 млрд 35,6 млн долараў (+406,7 млн за месяц; +4,71%), спецыяльныя правы запазычання — 1 млрд 413,9 млн (-17 млн.; -1,19%), рэзервовыя актывы ў замежнай валюце — 5 млрд 917,1 млн (+275,8 млн; +4,89%).

Рэзервовая пазіцыя ў Міжнародным валютным фондзе ды іншыя актывы засталіся ранейшымі — 0,03 млн і 0,1 млн долараў адпаведна.

На нарадзе ў сярэдзіне кастрычніка 2025 года Аляксандр Лукашэнка прапанаваў кіраўніку Нацбанка Раману Галоўчанку “патроху пускаць у абарот” ЗВР і “дзейнічаць па-гаспадарску”.

“Тое, што валюты больш з’яўляецца, гэта добра, — адзначыў палітык. — Але валюта мае працаваць. І трэба мець запас столькі, колькі нам трэба”.

На 1 студзеня ЗВР складалі 14 млрд 423 млн долараў. Рост ад пачатку 2026 года — 1 млрд 943,7 млн ​​(+13,48%).

Падзяліцца: