Мінск 14:41

Турчын выказаў прэм’еру Азербайджана заклапочанасць у сувязі з ударам іранскіх дронаў

6 сакавіка, Позірк. Заклапочанасць у сувязі з ударам іранскіх дронаў па Нахічэвані (Азербайджан) і “шчырую падтрымку ў адрас кіраўніцтва <…> і дружалюбнага азербайджанскага народа” выказаў кіраўнік беларускага ўрада Аляксандр Турчын прэм’ер-міністру гэтай краіны Алі Асадаву ў тэлефоннай размове з ім 6 сакавіка.

Як паведамляе прэс-служба ўрада Беларусі, было адзначана “дынамічнае развіццё беларуска-азербайджанскага шматграннага партнёрства ў розных сферах”.

Абмеркаваны “перспектывы далейшага развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва”, уключаючы каляндар двухбаковых мерапрыемстваў на вышэйшым і высокім узроўні.

Кіраўнікі ўрадаў таксама “абмяняліся меркаваннямі пра сітуацыю ў рэгіёне”, “падкрэслілі ўзаемную заклапочанасць эскалацыяй канфлікту на Блізкім Усходзе”.

Бакі “пацвердзілі важнасць” захавання міру і стабільнасці і “выказаліся за як мага хутчэйшае вяртанне сітуацыі ў дыпламатычнае рэчышча”.

За некалькі гадзін да гэтага міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў абмеркаваў з азербайджанскім калегам Джэйхунам Байрамавым сітуацыю ў рэгіёне таксама падчас тэлефоннай размовы.

5 сакавіка іранскія беспілотнікі нанеслі ўдары па горадзе Нахічэвань у Азербайджане, у выніку трапляння аднаго дрона пацярпеў будынак аэрапорта Нахічэвані, другі ўпаў каля будынка школы ў вёсцы Шакерабад, паведамляла Руская служба ВВС.

Урад Азербайджана выказаў пратэст у сувязі з атакамі і запатрабаваў ад Тэгерана “даць растлумачэнні па гэтым пытанні, даць тлумачэнні і прыняць неабходныя тэрміновыя меры для прадухілення паўтарэння падобных інцыдэнтаў у будучыні”. Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў назваў атаку на Нахічэвань “тэрарыстычным актам”.

Іран абверг сваю датычнасць да ўдару па Нахічэвані.

Раніцай 28 лютага Ізраіль і Злучаныя Штаты Амерыкі пачалі ваенныя дзеянні ў Іране. Хаменеі, які знаходзіўся ва ўладзе з 1989 года, быў забіты на 87-м годзе жыцця.

Ваенныя дзеянні на Блізкім Усходзе пачаліся праз некалькі дзён пасля чарговага раўнда перамоў па іранскай ядзернай праграме. Вашынгтон настойваў на тым, каб Тэгеран закрыў асноўныя ядзерныя аб’екты і перадаў ЗША ўвесь узбагачаны ўран, іранскія ўлады заявілі пра гатоўнасць заключыць пагадненне толькі пры адмене санкцый.

Падзяліцца: