Мінск 11:59

МНС пачало фіксаваць першыя сёлета выпадкі ландшафтных пажараў

Архіўнае фота: прэс-служба МНС

7 сакавіка, Позірк. Першыя ў 2026 годзе выпадкі ландшафтных пажараў пачало фіксаваць Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Праведзены “Позіркам” аналіз статыстычных звестак МНС паказаў, што ад пачатку сакавіка зарэгістравана пяць пажараў травы і кустоўя агульнай плошчай каля 1 гектара (прыкладна паўтара футбольных поля). Усе — у Брэсцкай вобласці.

Самы першы і пакуль найбольш маштабны выпадак адбыўся ў перыяд з 6:00 2 сакавіка да 6:00 3 сакавіка (стандартныя дзяжурныя суткі МНС; 2/3 сакавіка — далей у такім фармаце) — ля вёскі Баранцы (Жабінкаўскі раён) гарэла расліннасць на плошчы 0,5 га.

3/4 сакавіка быў ліквідаваны пажар травы і кустоўя на плошчы 0,001 га на вул. Калгаснай у Жабінцы, 5/6 сакавіка — на плошчы 0,15 га ля аграгарадка Відамля (Камянецкі раён).

Два апошнія на гэты момант выпадкі адбылося 6/7 сакавіка — расліннасць гарэла ў Пінскім і Маларыцкім раёнах. Агульная плошча гэтых пажараў склала 0,3 га.

Ад пачатку 2026 года ў Беларусі адбылося 1.758 пажараў усіх тыпаў (рост на 32,5% да таго ж перыяду 2025 года, калі было 1.327). У іх загінула 208 чалавек (+33,3%; 156), траўмавана — 161 (у 2,1 раза больш; 75), выратавана — 148 (+62,6%; 91).

Падзяліцца: