Мінск 22:31

25-гадовы жыхар Вільнюскага раёна можа пазбавіцца аўтамабіля праз незаконную перавозку беларускіх цыгарэт

Фота і калаж: САДМ Літвы

6 сакавіка, Позірк. Затрыманы 25-гадовы жыхар Вільнюскага раёна, які неаднаразова трапляўся на незаконным перамяшчэнні беларускіх цыгарэт, паведаміла 5 сакавіка Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Літвы.

Паводле інфармацыі ведамства, на гэты раз аўтамабіль парушальніка быў спынены на выездзе з “Дзевянішскай пятлі” — тэрыторыі Літвы, практычна цалкам абкружанай Беларуссю.

Памежнікі выявілі 570 пачкаў цыгарэт NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі ў схованках, абсталяваных у задняй частцы аўтамабіля “Мэрсэдэс-Бэнц”.

У дачыненні да мужчыны паўторна распачатая адміністрацыйная вытворчасць “за перавозку падакцызных тавараў з парушэннем вызначанага парадку”. Яму пагражае штраф — ад 5.760 да 6.000 еўра.

Аўтамабіль і цыгарэты дастаўленыя на часовае захоўванне ў падраздзяленне Варэнскага памежнага атрада САДМ.

Пры гэтым, паводле інфармацыі ведамства, не выключана, што “акрамя прызначанага штрафу парушальнік пазбавіцца і свайго “Мэрсэдэса” — аўтамабіль можа быць канфіскаваны”.

Пра магчымасць канфіскацыі аўтамабіляў, у якіх перавозіцца кантрабандная тытунёвая прадукцыя з Беларусі, ужо тройчы за апошні час заяўляў Мытны дэпартамент Літвы.

Падзяліцца: