Рэжым Лукашэнкі, імаверна, працягне агрэсіўную палітыку ў дачыненні да Літвы — спецслужбы

6 сакавіка, Позірк. Нягледзячы на інтарэс Беларусі да аднаўлення стасункаў з краінамі Захаду, палітыка і дзеянні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да Літвы і суседніх дзяржаў у бліжэйшай перспектыве, вельмі верагодна, будуць мець агрэсіўны характар.
Такая тэза ўтрымліваецца ў прысвечаным Беларусі раздзеле “Ацэнкі пагроз нацыянальнай бяспецы на 2026 год”, падрыхтаванай Дэпартаментам дзяржаўнай бяспекі і Другім дэпартаментам аператыўных службаў Міністэрства нацыянальнай абароны Літвы.
“Вельмі верагодна, што Беларусь будзе сцвярджаць Літве, што хоча аднавіць стасункі і супрацу, аднак не будзе схільная рабіць рэальныя крокі для зніжэння напружанасці ў стасунках, будзе адмаўляць сваё дачыненне да варожых дзеянняў, скіраваных супраць Літвы, і распаўсюджваць прапаганду пра тое, што Літва нібыта агрэсіўна настроеная ў дачыненні да Беларусі”, — лічаць аўтары дакумента.
На думку літоўскіх спецслужбаў, Лукашэнка пасля “больш чым пяцігадовай міжнароднай ізаляцыі беларускага рэжыму, <…> вельмі верагодна, лічыць, што зменлівыя геапалітычныя абставіны адчыняюць акно магчымасцяў для вяртання стасункаў Беларусі з Захадам на ўзровень, які існаваў да 2020 года”.
Пры гэтым рэжым “амаль напэўна не мае намеру змякчаць сваю аўтарытарную палітыку”. “Лукашэнка ўтрымлівае ўладу з дапамогай рэпрэсіўных захадаў, таму ў сярэднетэрміновай перспектыве працягнецца пераслед апанентаў, крытыкаў і нават асоб, якія шукаюць альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі”, — канстатавалі літоўскія спецслужбы.
Аўтары дакумента мяркуюць, што рэжым у Мінску “імкнецца аднавіць стасункі або дамагчыся змякчэння санкцый не толькі праз нібыта добрую волю, вызваляючы палітычных вязняў”. Гэтыя мэты “таксама пераследуюцца шляхам стварэння або выкарыстання праблем, якія нясуць пагрозу бяспецы суседніх дзяржаў”.
“Паводле ацэнкі выведкі, рэжым мае сродкі для спынення перавозкі кантрабандных цыгарэт метэаралагічнымі шарамі, аднак мэтанакіравана выкарыстоўвае праблемы, якія ствараюцца гэтым крымінальным бізнесам, імкнучыся прымусіць Літву распачаць палітычны дыялог і скарачаць абмежаванні, якія прымяняюцца ў дачыненні да Беларусі, — заяўляюць спецслужбы. — Як і ў 2021 годзе, калі рэжым наўмысна ініцыяваў крызіс нелегальнай міграцыі, так і ў выпадку “крызісу паветраных шароў”, рэжым сцвярджае, што гэтыя праблемы не атрымліваецца вырашыць праз міжнародныя санкцыі або таму што суседнія дзяржавы, нібыта варожа настроеныя ў дачыненні да Беларусі, не хочуць супрацоўнічаць”.
На думку аўтараў дакумента, змякчэнне санкцый супраць ключавых сектараў Беларусі “зрабіла б значны ўплыў на ўстойлівасць і рост эканомікі краіны”, хаця рэжым у Мінску агулам адмаўляе іх уплыў.
“Цяпер эканамічную стабільнасць Беларусі забяспечвае толькі працяглая фінансавая падтрымка Расіі, якая з’яўляецца асновай залежнасці Беларусі ад РФ, — мяркуюць літоўскія спецслужбы. — Вельмі верагодна, што калі ў Беларусі атрымаецца аднавіць эканамічныя сувязі з Захадам, гэта часткова зменшыць адчувальны ёю эканамічны ціск, аднак не стане альтэрнатывай усё большай эканамічнай залежнасці Беларусі ад Расіі”.
Асобнае месца ў краінавым раздзеле дакумента прысвечанае сувязям Мінска і Пекіна, якія, на думку аўтараў, дапамагаюць рэжыму Лукашэнкі змяншаць наступствы міжнароднай ізаляцыі.
Пры гэтым, лічаць спецслужбы Літвы, “Пекін у гэтай сферы становіцца ўсё больш асцярожным”: “Прамыя інвестыцыі Кітая ў Беларусі ўжо пяць гадоў значна скарачаюцца; Пекін аддае прыярытэт больш бяспечным формам фінансавай супрацы, такім як крэдыты. Аб’ём двухбаковага гандлю расце, аднак гандлёвы баланс значна больш спрыяльны для Кітаю”.
Аналітыкі звярнулі ўвагу на тое, што ў “экстрэмісцкія” спісы, якія складае рэжым Лукашэнкі, уключаюцца “не толькі грамадзяне Беларусі, але і грамадзяне і суб’екты замежных дзяржаў, у тым ліку Літвы, якія крытыкуюць беларускі рэжым і выказваюць падтрымку дэмакратычнай апазіцыі”. Разам з дыстанцыйнай вярбоўкай Беларуссю агентаў для барацьбы з дэмакратычнай апазіцыяй гэта, як адзначаецца, стварае пагрозу для Літвы.
Спецслужбы нагадалі, што ў ліпені 2025 года ў Беларусі “экстрэмісцкім” быў прызнаны арыентаваны на рускамоўную аўдыторыю ютуб-канал “Delfi Літва” (больш за 100 тыс. падпісчыкаў) — верагодна, праз апублікаванае інтэрв’ю з мужам беларускага дэмлідара Святланы Ціханоўскай, відэаблогерам і палітычным актывістам Сяргеем Ціханоўскім.
Адзначаецца, што супрацоўнікі КДБ апытваюць і правяраюць асоб, якія накіроўваюцца з Літвы ў Беларусь, вывучаюць змест іх мабільных прыладаў. Апрача іншай інфармацыі, якая прадстаўляе інтарэс для беларускай выведкі, вядзецца пошук сувязяў з арганізацыямі, прызнанымі “экстрэмісцкімі”, спасылкі на інтэрнэт-крыніцы з такім статусам і падпіскі на іх.
“Калі такія сувязі знаходзяцца, КДБ ды іншыя службы рэжыму затрымліваюць грамадзян Літвы. Нават аддаленыя сувязі з суб’ектамі, прызнанымі экстрэмісцкімі, рэжым трактуе як дастатковую падставу для затрымання асоб, прызначэння ім арышту і ўключэння іх у спісы экстрэмістаў”, — адзначаецца ў дакуменце.
“Паводле ацэнкі выведкі, верагодна, у найбліжэйшай перспектыве ў спісы экстрэмістаў у Беларусі будзе ўключана больш грамадзян Літвы, якія маюць сувязі з беларускай дэмакратычнай апазіцыяй або крытыкуюць беларускі рэжым; ім будзе пагражаць затрыманне на тэрыторыі Беларусі”, — лічаць літоўскія спецслужбы.
Аўтары дакумента прагназуюць, што ў найбліжэйшай перспектыве беларуская выведка, імаверна, будзе “яшчэ больш актыўна будзе выкарыстоўваць мэсэнджары для вярбоўкі агентаў у Літве і для збору інфармацыі пра беларускую апазіцыю, Літву і яе ўстановы”.
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаДваім грамадзянам Беларусі ў лютым прадастаўлены статус уцекача ў Літве (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаКолькасць беларусаў з дазволам на пражыванне ў Літве апусцілася ніжэй за 50 тыс. (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка



