Мінск 23:30

Украіна і РФ правялі другі сёлета абмен палоннымі праз тэрыторыю Беларусі

5 сакавіка, Позірк. Падчас абмену ваеннапалоннымі паміж Украінай і Расіяй праз Беларусь 5 сакавіка вызвалена па 200 чалавек з кожнага боку.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі напісаў у сваім тэлеграм-канале: “Сёння 200 ўкраінскіх сем’яў атрымалі самае доўгачаканае паведамленне: іх родныя вяртаюцца дадому. <…> Сярод тых, хто вяртаецца, — абаронцы Марыўпаля, Данецкай, Луганскай, Харкаўскай і Запарожскай абласцей. Воіны Узброеных сіл, Дзяржаўнай спецыяльнай службы”.

Ён падзякаваў ЗША за падтрымку ў рэалізацыі гэтага абмену.

Міністэрства абароны Расіі таксама паведаміла, што аб вяртанні 200 сваіх вайскоўцаў.

Традыцыйна ўдакладняецца, што яны знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, “дзе ім аказваецца неабходная псіхалагічная і медыцынская дапамога”.

Паводле версіі Масквы, “пасрэдніцкія намаганні гуманітарнага характару аказалі Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і ЗША”.

Гэта другі абмен ваеннапалоннымі ў 2026 годзе. Першы адбыўся 5 лютага. Украіна і РФ тады абмянялі праз тэрыторыю Беларусі па 157 чалавек абапал.

Апошні раз у 2025 годзе Кіеў і Масква абмяняліся ваеннапалоннымі з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі Беларусі 2 кастрычніка (па 185 вайскоўцаў і па 20 грамадзянскіх асоб). Усяго ў мінулым годзе Украіна і РФ правялі 18, а ў 2024-м — 12 этапаў абмену палоннымі.

Акрамя таго, пяць сем’яў з Расіі і пяць з Украіны ўз’ядналіся са сваімі блізкімі 4 верасня на беларуска-ўкраінскай граніцы пры пасрэдніцтве ўпаўнаважанага па правах чалавека ў Расіі Таццяны Маскальковай.

Старшыня КДБ Беларусі Іван Церцель у інтэрв’ю беларускаму дзяржаўнаму тэлебачанню (выйшла ў эфір 22 чэрвеня 2025 года) заявіў, што на той момант на тэрыторыі краіны было праведзена 38 аперацый абмену паміж Украінай і Расіяй.

Беларусь — адзіная краіна, якая мае непарыўную мяжу як з РФ, так і з Украінай.

24 лютага 2022 года РФ пры непасрэднай падтрымцы рэжыму ў Мінску пачала поўнамаштабную вайну з Украінай, уварваўшыся ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.

Падзяліцца: