У Дубай для вывазу беларусаў накіраваўся трэці Аirbus А330-200
5 сакавіка, Позірк. 164 пасажыры з Амана (Салала) дастаўленыя ў Мінск рэйсам нацыянальнай авіякампаніі “Белавія” раніцай 5 сакавіка, вынікае з паведамлення перавозчыка. Раней такую ж інфармацыю прадаставіў Мінтранс.
Пры гэтым, як паведамляе “Белавія”, “яшчэ адно паветранае судна накіроўваецца цяпер у Дубай: шырокафюзеляжны Аirbus А330-200 забярэ з ААЭ 281 чалавека”.
“Плануецца, што борт вылеціць з Эміратаў а 12.50 паводле беларускага часу, а прызямліцца ў Мінску каля 21.00”, — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле інфармацыі на сайце кампаніі, папярэдні (другі) вывазны рэйс з Дубая прызямліўся ў Мінску а 18.00 4 сакавіка.
“Вывазныя рэйсы з Дубая запланаваныя на працягу гэтага і наступнага тыдня, таксама авіякампанія чакае змяненняў у абмежаваннях у паветранай прасторы Катара для арганізацыі вывазнога рэйса з Дохі”, — паведамляе перавозчык.
3 сакавіка “Белавія” забрала з Дубая пасажыраў з авіябілетамі на свой рэйс, які павінен быў вылецець 28 лютага, але трапіў пад адмену з-за распачатых ваенных дзеянняў у рэгіёне, якія закранулі ў тым ліку ААЭ. Борт дазаправіўся ў Актау (Казахстан) і, згодна з інфармацыяй на табло нацыянальнага аэрапорта Мінск, прызямліўся ў беларускай сталіцы 4 сакавіка ў 2.25.
Рэгулярныя рэйсы перавозчыка ў Дубай пакуль не выконваюцца, у ААЭ накіроўваюцца пустыя вывазныя самалёты.
4 сакавіка ў 1:34 у Мінску прызямліўся чартарны рэйс “Белавія” з Маската (Аман). Гэты борт 2 сакавіка адправіўся ў аманскую Салалу, але незадоўга да пасадкі быў перанакіраваны спачатку ў Маскат, а затым назад у Мінск.
3 сакавіка Нацыянальнае агенцтва па турызме Беларусі паведаміла, што на той дзень у краінах Блізкага Усходу знаходзілася больш за 3 тыс. турыстаў з Беларусі. У Арабскіх Эміратах адпачывала больш за 2,5 тыс. чалавек, у Амане — 319, у Катары — каля 200 чалавек. У статыстыку ўключаны турысты, якія куплялі пуцёўкі праз турагенцтвы.
Ранкам 28 лютага Ізраіль і Злучаныя Штаты Амерыкі распачалі ваенныя дзеянні ў Іране. Спачатку ізраільскія ўлады заявілі пра “прэвентыўны” ўдар, а пазней абвясцілі пра пачатак аперацыі “Ільвіны рык”. Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў, што яго краіна нанясе “цяжкі ўдар па тэрарыстычным рэжыме” і створыць умовы, “якія дазволяць іранскаму народу скінуць з сябе гэты цяжар”.
Міністэрства вайны ЗША абвясціла пра пачатак аперацыі “Эпічная лютасьць”. Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп выступіў са зваротам, у якім назваў яе мэты — знішчэнне ракет, разгром флоту, прадухіленне стварэння ядзернай зброі і свабода для іранскага народа.
У сваю чаргу Іран спачатку запусціў ракеты і беспілотнікі па Ізраілі, а пасля — па амерыканскіх базах ды іншых аб’ектах у краінах Блізкага Усходу.
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваЖаночае беспрацоўе ў Беларусі складае 2,2% — МінпрацыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка, ЭканомікаУ Пакістане не знайшлося тых, хто жадае працаваць на будоўлях у Беларусі, шукаюць кадры для швейнай вытворчасціМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка



