Мінск 14:00

Золатавалютныя рэзервы Беларусі за люты выраслі на 665,4 млн долараў (дапоўнена)

Ілюстрацыйнае фота: Yana Hurska / unsplash.com

4 сакавіка, Позірк. Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 сакавіка 2026 года склалі 16 млрд 366,7 млн долараў у эквіваленце, што з’яўляецца новым рэкордам, сведчаць папярэднія даныя Нацыянальнага банка.

На пачатак мінулага месяца золатавалютныя рэзервы, паводле ўдакладненых даных рэгулятара, былі на ўзроўні 15 млрд 701,3 млн долараў. Такім чынам, за люты яны выраслі на 665,4 млн.

Манетарнае золата ў структуры ЗВР цяпер складае 9 млрд 35,6 млн долараў (+406,7 млн за месяц; +4,71%), спецыяльныя правы запазычання — 1 млрд 413,9 млн (-17 млн.; -1,19%), рэзервовыя актывы ў замежнай валюце — 5 млрд 917,1 млн (+275,8 млн; +4,89%).

Рэзервовая пазіцыя ў Міжнародным валютным фондзе ды іншыя актывы засталіся ранейшымі — 0,03 млн і 0,1 млн долараў адпаведна.

На нарадзе ў сярэдзіне кастрычніка 2025 года Аляксандр Лукашэнка прапанаваў кіраўніку Нацбанка Раману Галоўчанку “патроху пускаць у абарот” ЗВР і “дзейнічаць па-гаспадарску”.

“Тое, што валюты больш з’яўляецца, гэта добра, — адзначыў палітык. — Але валюта мае працаваць. І трэба мець запас столькі, колькі нам трэба”.

На 1 студзеня ЗВР складалі 14 млрд 423 млн долараў. Рост ад пачатку 2026 года — 1 млрд 943,7 млн ​​(+13,48%).

Падзяліцца: