Мінск 16:26

Лукашэнка назваў Славакію “дружалюбнай краінай”, якая “мае сваё слова”, і прызначыў новага амбасадара

Браціслава, Славакія
Ілюстрацыйнае фота: Martin Katler / unsplash.com

3 сакавіка, Позірк. Ігар Фісенка прызначаны амбасадарам Беларусі ў Славакіі, адпаведнае рашэнне 3 сакавіка прыняў Аляксандр Лукашэнка.

“Што тычыцца Славакіі — дружалюбная нам краіна. Мае сваё слова. Мы адпаведна да іх мусім ставіцца, па-чалавечы”, — цытуе спікера яго прэс-служба.

Адметна, што Славакія, як і ўсе краіны Еўрасаюза, уваходзіць у вызначаны беларускім урадам спіс “недружалюбных краін” — пералік дзяржаў, якія, на думку ўладаў, здзяйсняюць “недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь, яе грамадзян і (або) арганізацый”.

Адзначыўшы, што асабіста знаёмы са славацкім прэм’ер-міністрам Робертам Фіцам, які “з прычыны сваёй пасады адыгрывае ключавую ролю ў кіраванні краінай”, Лукашэнка падкрэсліў, што ў іх “склаліся добрыя стасункі”. “Свядомы чалавек, які вельмі перажывае за сваю краіну. Ну і не забыўся, адкуль яго карані”, — сказаў Лукашэнка.

На пасаду амбасадара ў Танзаніі па сумяшчальніцтве прызначаны Дзмітрый Красоўскі (асноўнае месца дыпламатычнай службы — Кенія; таксама з’яўляецца пастаянным прадстаўніком пры Афрыканскім Саюзе, праграмах ААН — па навакольным асяроддзі і па населеных пунктах).

Амбасадарам у Зімбабвэ стаў Юрый Нікалайчык. Прызначаючы яго, Лукашэнка назваў Зімбабвэ брамай, “уваходам у Афрыку” — “не геаграфічна, а па-філасофску”. Падкрэсліўшы важнасць гэтай краіны для афіцыйнага Мінска, палітык даў зразумець, што не задаволены вынікамі ранейшага амбасадара Ігара Маршалава: “Нібыта, не яго праца. Малады хлопец. Губляць мы нікога не збіраемся. Калі не яго, не атрымліваецца, натуральна, трэба шукаць іншую кандыдатуру. Мы знайшлі”.

Да 12 лістапада 2021 года Фісенка быў амбасадарам Беларусі ў Францыі, а таксама Манака і Партугаліі па сумяшчальніцтве. Дыпламат быў вернуты з Парыжа неўзабаве пасля таго, як Мінск адклікаў агрэман, выдадзены французскаму амбасадару Нікаля дэ Лакосту, які не стаў уручаць даверчыя граматы Лукашэнку, абмежаваўшыся перадачай копій у МЗС.

Пра тое, што амбасаду Беларусі ў Славакіі плануецца адкрыць да 1 верасня 2026 года, стала вядома 3 лістапада 2025-га — адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. “Аднаўленне пастаяннай дыпламатычнай прысутнасці Беларусі ў Славакіі дасць магчымасць значна падвысіць эфектыўнасць працы па развіцці палітычных, гандлёва-эканамічных і інвестыцыйных сувязей, практычным вывучэнні магчымасцей прамысловай кааперацыі і сумесным асваенні новых рынкаў”, — адзначыла тады прэс-служба ўрада.

Беларусь закрыла амбасаду ў Браціславе ўвосені 2023 года. Апошнім амбасадарам быў Ігар Ляшчэня, які падаў у адстаўку ў жніўні 2020-га. Тады дыпламат, былы памочнік Аляксандра Лукашэнкі, выступіў у падтрымку беларусаў, якія выйшлі на мірныя пратэсты пасля выбараў прэзідэнта.

Андрэй Дапкюнас, абасадар Беларусі ў Аўстрыі і пастаянны прадстаўнік краіны пры АБСЕ і міжнародных арганізацыях у Вене, быў назначаны амбасадарам у Славакіі па сумяшчальніцтву 21 кастрычніка 2024 года, уручыў даверчыя граматы прэзідэнту краіны 29 студзеня 2025 года.

Да нядаўняга часу Славакія была паслядоўным крытыкам рэжыма ў Менску. Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская некалькі разоў наведвала гэтую краіну, сустракалася з папярэднім славацкім прэзідэнтам Зузанай Чапутавай (кадэнцыя завяршылася 15 чэрвеня 2024 года), членамі ўрада.

Увосені 2023 года на парламенцкіх выбарах у Славакіі перамагла левацэнтрысцкая партыя “Напрамак — сацыяльная дэмакратыя” на чале з Фіцам, які чацвёрты раз стаў прэм’ер-міністрам (перш у 2006–2010, 2012–2016 і 2016–2018). За палітыкам замацаваўся імідж прарасійскага папуліста.

Пасля прыходу да ўлады Фіцы Браціслава вярнула амбасадара ў Беларусь. Славакія і Венгрыя, урад якой узначальвае прарасейскі Віктар Орбан, з’яўляюцца адзінымі краінамі Еўрасаюза, прадстаўленымі ў Беларусі на ўзроўні амбасадараў. Астатнія дзяржавы ЕС пасля падзей 2020 года абмежавалі дыпламатычную прысутнасць да ўзроўню часовых павераных або павераных у справах.

Падзяліцца: