Мінск 15:06

Экс-камандуючы ССА Дзенісенка ўзначаліў дэпартамент абароннай прамысловасці на ўзроўні Саюзнай дзяржавы

Вадзім Дзенісенка
Архіўнае фота: sb.by sb.by

3 сакавіка, Позірк. Былы камандуючы сіламі спецаперацый Узброеных сіл Беларусі Вадзім Дзенісенка стаў начальнікам дэпартамента абароннай прамысловасці і вайскова-тэхнічнай супрацы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. Яго кандыдатуру на гэтую пасаду 3 сакавіка ўзгадніў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе прэс-служба палітыка.

На пасаду начальніка дэпартамента эканомікі і галіновых праграм пасткама СД узгоднены Іван Бельчык, дэпартамента прававога забеспячэння — Аляксей Чарналеўскі.

Першым намеснікам адказнага сакратара Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі стала Вольга Петрашова, намеснікам і начальнікам апарата прадстаўніцтва гэтай структуры ў Беларусі — Аляксандр Маркевіч (былы міністр культуры), а намеснікам начальніка — Сяргей Сташкевіч.

На пасаду намесніка начальніка галоўнага прававога ўпраўлення сакратарыята Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі ўзгодненая Святлана Жвірыдоўская.

Дырэктарам арганізацыйнага дэпартамента Выканаўчага камітэта СНД стаў Віталь Каленік.

58-гадовы генерал-маёр Вадзім Дзенісенка, які камандаваў ССА з 2014 года, 9 студзеня 2026-га быў звольнены ў запас на падставе ўзросту з правам нашэння вайсковай формы адзення і знакаў адрознення. Пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну ў лютым 2022 года, якое адбывалася ў тым ліку з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі, Дзенісенка быў унесены ў санкцыйныя спісы ЕС ды іншых краін Захаду.

2 красавіка 1996 года першы прэзідэнт РФ Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісалі дагавор аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, 2 красавіка 1997-га — дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. 23 траўня 1997 года быў прыняты статут саюза. 8 снежня 1999 года падпісаны дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які набыў моц 26 студзеня 2000 года.

Расія пачала фарсіраваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Дзмітрый Мядзведзеў, які на той момант займаў пасаду прэм’ер-міністра РФ, фактычна ўвязаў максімальнае збліжэнне дзвюх краін з далейшай падтрымкай Мінска з боку Масквы.

Падзяліцца: