Мінск 18:11

Пракуратура абвінаваціла адзін з маркетплейсаў у незаконным гандлі нажамі, БПЛА і прапагандзе нацызму

2 сакавіка, Позірк. Аб выяўленні на адной з гандлёвых інтэрнэт-пляцовак нажоў, якія паводле сваіх тэхнічных характарыстык “падпадалі пад прыкметы халоднай зброі“, паведаміла 2 сакавіка Генеральная пракуратура са спасылкай на матэрыялы пракуратуры Заводскага раёна Мінска.

Назва маркетплейса не прыводзіцца.

Ведамства падкрэслівае, што, згодна з законам “Аб зброі“, на тэрыторыі краіны “забаронены абарот у якасці грамадзянскай зброі халоднай зброі і нажоў, клінкі якіх альбо аўтаматычна вылучаюцца з дзяржальні пры націску на кнопку або рычаг і фіксуюцца імі, альбо вылучаюцца за кошт сілы цяжару або паскоранага руху і аўтаматычна фіксуюцца, пры даўжыні клінка больш за 90 мм“.

Паводл сцвярджэння пракуратуры, на гандлёвай інтэрнэт-пляцоўцы таксама зафіксаваныя “шматлікія факты рэалізацыі тавараў, якія падпадалі пад абмежаванні, устаноўленыя заканадаўствам аб эксплуатацыі беспілотных лятальных апаратаў“. У прыватнасці, з дастаўкай у краіну прапаноўваліся “авіямадэлі з дыстанцыйным кіраваннем, а таксама запасныя часткі, якія ідэнтыфікуюцца як прыдатныя да беспілотных лятальных апаратаў“.

Такія дзеянні, адзначае ведамства, парушаюць забарону, устаноўленую ўказам Аляксандра Лукашэнкі ад 25 верасня 2023 года № 297 “Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў“.

Трэцяй прэтэнзіяй Генпракуратуры да маркетплейсу сталі размешчаныя на ім “звыш 70 прапаноў аб продажы настольнай гульні, у аснове сюжэту якой ляжала сімуляцыя палітычнага супрацьстаяння — яна ўключала элементы фашысцкай ідэалогіі і працэс прыходу да ўлады нацысцкага рэжыму“.

Ведамства сцвярджае, што “папулярызацыя падобных механізмаў і прыняцця фашысцкіх законаў стваралі пагрозу фармавання ва ўцягнутых асоб скажонага ўспрымання гістарычных падзей, апраўдання або мінімізацыі маштабу учыненых нацыстамі злачынстваў, а таксама “гераізацыі“ іх вобразаў”.

Яно нагадвае, што “адпаведна п.п. 29, 31 Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь праявы экстрэмізму ў любых яго формах, распаўсюджванне ідэалогіі нацызму, экстрэмізму, выкарыстанне экстрэмісцкай сімволікі і атрыбутыкі прызнаюцца адной з крыніц пагроз нацыянальнай бяспекі”.

Паведамляецца, што “пракурор Заводскага раёна г. Мінска ўнёс на адрас кіраўніка гандлёвай пляцоўкі прадстаўленне, у якім запатрабаваў: неадкладна ліквідаваць прычыны і ўмовы, якія спрыялі парушэнням у сферы абароту зброі і беспілотных лятальных апаратаў, а таксама процідзеяння экстрэмізму; распрацаваць практычныя і тэхнічныя мерапрыемствы па недапушчэнні рэалізацыі тавараў, свабодны абарот якіх забаронены на тэрыторыі краіны”.

Паводле звестак ведамства, “акт нагляду выкананы ў поўным аб’ёме”.

Падзяліцца: