Мінск 19:08

Мытня Беларусі знайшла ў двух польскіх перавозчыкаў незадэклараваныя тавары на 230 тыс. еўра

Фота: прэс-служба ДМК

28 лютага, Позірк. Дзве спробы ўвозу ў Беларусь мноства тавараў без дэкларацыі спыненыя ў пункце пропуску Казловічы (з боку Польшчы — Кукурыкі), паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, прадукцыю спрабавалі ўпотай завезці польскія перавозчыкі.

У першым выпадку кіроўца перадаў мытнікам дакументы на зборны груз, у складзе якога было кухоннае абсталяванне, катлы для апрацоўкі мяса ды інш.

“Пры мытным надглядзе ў параканвектаматах, абсталяванні для прыгатавання ежы знойдзена амаль 58 тыс. адзінак розных даўкладанняў. Кошт тэрмастатаў, электрарухавікоў, электраправодкі, датчыкаў ціску, што ўвозіліся на тэрыторыю ЕАЭС у парушэнне заканадаўства, склаў больш за 514 тыс. рублёў (больш за 152 тыс. еўра. — “Позірк”.)”, — гаворыцца ў паведамленні.

У другім выпадку пры афармленні грузу кіроўца перадаў паперы на “палімерныя слоікі з вінтавой гарлавінай”. “Толькі ў дакументах “забыліся” пазначыць амаль 490 тыс. накрывак да іх. Кошт незаяўленага склаў каля 260 тыс. рублёў (каля 77 тыс. еўра. — “Позірк”.)”, — сцвярджае ДМК.

Такім чынам, агульны кошт знойдзеных у двух выпадках тавараў без дэкларацыі склаў 774 тыс. рублёў, ці каля 230 тыс. еўра.

У дачыненні да абодвух перавозчыкаў Брэсцкая мытня распачала адміністрацыйныя працэсы паводле ч. 1 арт. 15.5 КаАП (недэклараванне тавараў, якія трапляюць пад мытнае дэклараванне). Для індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб санкцыяй паводле гэтай часткі артыкула выступае штраф — да 30% кошту прадмета правапарушэння.

Падзяліцца: