Мінск 16:20

Латушка пра ўдасканаленне абмежавальных мер ЕС: Санкцыйная палітыка становіцца яшчэ больш юрыдычна выверанай

Ілюстрацыйнае фота: Alexey Larionov / unsplash.com

28 лютага, Позірк. Рашэнне Савета ЕС падоўжыць санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі пацвярджае, што “пакуль у Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, а падтрымка знешняй агрэсіі не спыняецца, абмежавальныя меры будуць захоўвацца і ўзмацняцца”, заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.

“Абнаўленне абгрунтаванняў, у тым ліку адносна прадпрыемстваў накшталт ААТ “Белшына” і фактаў, звязаных з ААТ “Беларуськалій”, дэманструе, што санкцыйная палітыка становіцца яшчэ больш юрыдычна выверанай і абапіраецца на дадатковыя доказы, — цытуе палітыка прэс-служба АПК. — Супраца беларускіх дэмакратычных сіл з еўрапейскімі структурамі павялічвае верагоднасць далейшых прававых наступстваў на міжнародным узроўні”.

Паводле інфармацыі АПК, летась прадстаўнікі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў звярнуліся да НАУ з просьбай “падмацаваць абгрунтаванні ў дачыненні да шэрагу падсанкцыйных юрыдычных асоб дадатковымі аргументамі”.

“Тады еўрапейскім партнёрам была прадстаўленая неабходная інфармацыя, — гаворыцца ў паведамленні. — У прыватнасці, НАУ паведаміла пра тое, што ў санаторый “Дубрава”, які належыць кампаніі “Беларуськалій”, былі незаконна перамешчаныя ўкраінскія дзеці з акупаваных тэрыторый Украіны, дзе яны зазналі ідэалагічную апрацоўку. У выніку абгрунтаванне рашэння [Савета] ЕС пра ​​санкцыі ў дачыненні да ААТ “Беларуськалій” было дапоўненае гэтымі фактамі”.

Палітычная структура падкрэсліла, што дзеянні рэжыму Лукашэнкі ў гэтым пытанні “разглядаюцца як ваенныя злачынствы”. АПК нагадаў, што раней НАУ перадаў у Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе “дзве камунікацыі” на гэты конт.

“На фоне размоў пра магчымае скасаванне санкцый з калійных угнаенняў і ААТ “Беларуськалій” ЕС не проста падоўжыў санкцыі, але і падмацаваў абгрунтаванне іх прымянення”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што былі “дапоўненыя або скарэктаваныя” абгрунтаванні і адносна іншых прадпрыемстваў, у выніку чаго ў санкцыйны спіс была паўторна ўключаная “Белшына”.

“Раней Суд ЕС зняў з прадпрыемства санкцыі праз тое, што папярэдняе санкцыйнае рашэнне было аспрэчанае прадстаўнікамі ААТ “Белшына” ў судзе, — звярнуў увагу АПК. — У абгрунтаванні ўвядзення санкцый знайшлі адлюстраванне дадатковыя факты пра тое, што “Белшына” падтрымлівае агрэсію ў выглядзе пастаўкі шын у інтарэсах расійскай арміі, ажыццяўляе продаж праз пасярэднікаў, падкантрольных Дзмітрыю Лукашэнку. <…> Праца па падрыхтоўцы абгрунтаванняў была праведзеная ў супрацы з БРЦ, BelPol і “Бюро”.

Як паведамляў “Позірк”, Савет ЕС 26 лютага падоўжыў санкцыі ў дачыненні да Беларусі яшчэ на год — да 28 лютага 2027-га.

Санкцыі вырашана захаваць з улікам “той сур’ёзнасці сітуацыі ў Беларусі, якая захоўваецца, і ўдзелу Беларусі ў незаконнай агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны”.

Пры гэтым змененыя прычыны ўключэння ў спіс і ідэнтыфікацыйныя даныя для 54 фізічных і 7 юрыдычных асоб. Агулам у спісе 312 грамадзян Беларусі ды 57 суб’ектаў і арганізацый.

Падзяліцца: