Мінск 15:49

Лукашэнка павіншаваў Кім Чэн Ына з “пераабраннем” генсакратаром дэ-факта адзінай партыі Паўночнай Карэі

Кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын
Архіўнае фота: Генеральнае консульства КНДР ва Уладзівастоку

28 лютага, Позірк. Аляксандр Лукашэнка 28 лютага павіншаваў кіраўніка КНДР Кім Чэн Ына з “пераабраннем” на пасаду генеральнага сакратара Працоўнай партыі Карэі.

“Паспяховае правядзенне IX з’езда сведчыць пра выдатныя вынікі вашай кіроўнай дзейнасці, пацвярджае адзінства партыі і карэйскага народа, а таксама рашучую скіраванасць на далейшае развіццё моцнай і самастойнай дзяржавы”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

На думку Лукашэнкі прынятыя на з’ездзе рашэнні “створаць дадатковыя ўмовы для паскарэння тэмпаў сацыялістычнага будаўніцтва, росту народнай гаспадаркі і нацыянальнага развіцця ва ўмовах няпростай міжнароднай абстаноўкі”.

КНДР — закрытая дзяржава з дыктатарскім рэжымам, у дачыненні да якой дзейнічаюць санкцыі Савета Бяспекі ААН, звязаныя з развіццём ядзернай праграмы. Ад моманту заснавання ў 1948 годзе вярхоўная ўлада перадавалася ад бацькі да сына — ад Кім Ір Сэна да Кім Чэн Іра, а пасля да Кім Чэн Ына.

Апошні займае ключавыя пасады ў краіне — старшыні Дзяржаўнага савета КНДР, вярхоўнага галоўнакамандуючага Карэйскай народнай арміі, старшыні Працоўнай партыі.

Працоўная партыя Карэі — кіроўная і дэ-факта адзіная палітычная структура ў Паўночнай Карэі. Дэ-юрэ існыя Сацыял-дэмакратычная партыя Карэі і Партыя маладых сяброў нябеснага шляху на справе кіруюцца Працоўнай партыяй Карэі і не змагаюцца за ўладу, а ўсяляк падтрымліваюць дзейны рэжым.

Беларускія ўлады некалькі гадоў таму сталі актыўна заяўляць пра свой інтарэс да Паўночнай Карэі.

На перамовах з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным 15 верасня 2023 года ў Сочы Лукашэнка выказаў меркаванне, што РФ, Беларусь і КНДР маглі б “падумаць пра супрацу недзе на траіх”.

17 студзеня 2025 года на нарадзе па пытаннях знешнегандлёвай дзейнасці Лукашэнка заявіў, што “каля пяці дзяржаў, уключаючы Пакістан, Інданезію і КНДР, накіравалі Беларусі свае прапановы пра арганізацыю сустрэч на найвышэйшым узроўні для абмеркавання пытанняў супрацы”.

Намеснік дырэктара аддзела прапаганды і агітацыі Цэнтральнага камітэта Працоўнай партыі Карэі, малодшая сястра паўночнакарэйскага правадыра Кім Ё Чжон 20 студзеня абвергла гэтае сцвярджэнне. “Я добра ведаю, што беларускі бок на працягу як мінімум двух гадоў шчыра спадзяецца на кантакт на высокім узроўні з КНДР”, — падкрэсліла яна, дадаўшы, што з боку Пхеньяна такой прапановы не паступала.

9 траўня таго ж года паведамлялася, што пытанні ўзаемадзеяння Беларусі і Паўночнай Карэі ў розных сферах былі “падрабязна абмеркаваныя” ў Пхеньяне на 3-м пасяджэнні двухбаковай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічнай супрацы. Бакі абмеркавалі “палажэнні практычнай супрацы” ў сельскай гаспадарцы, машынабудаванні, ахове здароўя, гандлі і адукацыі.

Лукашэнка напярэдадні парада ў Пекіне 3 верасня з нагоды перамогі над Японіяй і заканчэння Другой сусветнай вайны паразмаўляў з Кім Чэн Ынам.

Віншуючы Кім Чэн Ына з Днём утварэння КНДР летась 9 верасня, беларускі палітык пацвердзіў гатоўнасць “у найбліжэйшы зручны для бакоў час наведаць” Паўночную Карэю для “вывядзення міждзяржаўных сувязей на якасна новы ўзровень”.

Падзяліцца: