Мінск 21:40

Беларускія ўлады працягваюць сістэматычна парушаць правы чалавека — Група незалежных экспертаў

Ілюстрацыйнае фота: "Радыё Свабода"

27 лютага, Позірк. Беларускія ўлады “працягваюць сістэматычна парушаць” правы чалавека: адвольна арыштоўваюць і затрымліваюць людзей за іх “фактычную або меркаваную апазіцыю ўраду”, умовы ўтрымання ў месцах несвабоды “з’яўляюцца бесчалавечнымі”, зняволеныя “падвяргаюцца катаванням і неправамернаму абыходжанню”.

Такія высновы ўтрымліваюцца ў дакладзе Групы незалежных экспертаў па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Даклад будзе разгледжаны 12 сакавіка ў рамках 61-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ) у Жэневе (праходзіць з 23 лютага па 31 сакавіка). Тэкст дакумента даступны на сайце СПЧ.

Адзначаецца, што “затрыманыя па палітычна матываваных абвінавачваннях, а таксама лесбіянкі, геі, бісексуальныя, трансгендарныя, квір- і інтэрсекс-людзі падвяргаюцца дыскрымінацыі і больш суровым умовам утрымання пад вартай”.

Група адзначае, што праведзеныя ў Беларусі цягам справаздачнага перыяду (з 1 траўня 2020 года) судовыя працэсы “не адпавядаюць асноўным гарантыям справядлівага судовага разбору”.

У дакладзе гаворыцца, што “на працягу справаздачнага перыяду таксама працягваліся рэпрэсіі ў дачыненні да арганізацый грамадзянскай супольнасці”. Акрамя таго, эксперты занепакоеныя “смерцю ў зняволенні васьмі чалавек, якія ўтрымліваліся пад вартай па абвінавачваннях палітычнага характару”.

Аўтары дакладу адзначаюць, што “беларускія ўлады не ўлічвалі найлепшыя інтарэсы дзіцяці і права на сямейнае жыццё пры прыняцці рашэнняў аб утрыманні пад вартай”. “Група незалежных экспертаў праверыла выпадкі арышту і ўтрымання пад вартай абодвух бацькоў або адзінокага аднаго з бацькоў, які з’яўляўся адзіным апекуном дзіцяці. Расстанне з бацькамі, якое часта доўжылася некалькі гадоў, аказала глыбокі ўплыў на дзяцей, якія былі моцна траўмаваныя і адчувалі праблемы з аднаўленнем адносін з бацькамі”, — падкрэсліваецца ў дакумента.

У дакладзе адзначаецца, што “беларусы не знаходзяцца ў бяспецы нават калі бягуць за мяжу”. Экспертамі зафіксаваныя “сістэматычныя транснацыянальныя рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў у выгнанні, у тым ліку журналістаў, якіх лічаць праціўнікамі ўрада”. Акрамя таго, як заяўляецца, улады ўключылі ў “экстрэмісцкія” спісы “прыватных асоб і арганізацыі грамадзянскай супольнасці, якія знаходзяцца ў выгнанні, распачалі супраць іх крымінальныя справы, канфіскавалі іх маёмасць і замарозілі іх актывы, судзілі іх завочна і пераследавалі іх сем’і ў Беларусі”.

Група экспертаў таксама канстатуе “пастаянную адсутнасць падсправаздачнасці з боку органаў улады, адказных за парушэнні правоў чалавека”.

“З улікам вышэйпададзенага” аўтары рэкамендуюць уладам “спыніць адвольныя арышты і затрыманні асоб паводле палітчных матываў”, “неадкладна і безумоўна вызваліць усіх змешчаных пад варту асоб, асуджаных паводле палітчных матываў”, “забяспечыць поўную адпаведнасць умоў утрымання пад вартай дастасавальным міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека”.

Таксама эксперты заклікаюць “гарантаваць права на справядлівае судовае разбіральніцтва, а таксама права на свабоду выказвання меркавання і асацыяцыі”, “спыніць транснацыянальныя рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў у выгнанні і ўсе іншыя парушэнні правоў чалавека”, “пакласці канец беспакаранасці, пачаўшы эфектыўныя, незалежныя і бесстароннія расследаванні парушэнняў правоў чалавека”, “забяспечыць поўнае пакрыццё шкоды ўсім ахвярам парушэнняў правоў чалавека”.

Група незалежных экспертаў паўтарыла свае рэкамендацыі дзяржавам — членам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый: “забяспечыць міжнародную бежанскую абарону для ахвяр і сведак парушэнняў правоў чалавека, якія беглі або былі гвалтоўна выгнаныя з Беларусі”; “ініцыяваць судовыя разборы ў дачыненні да меркаваных вінаватых у парушэннях правоў чалавека ў адпаведнасці з экстэрытарыяльнай і універсальнай юрысдыкцыяй”.

Група незалежных экспертаў была створаная СПЧ 4 красавіка 2024 года “на аднаўляльны перыяд у адзін год” для расследавання і ўстанаўлення фактаў, абставінаў і карэнных прычын усіх меркаваных парушэнняў і ўшчамленняў правоў чалавека і парушэнняў, учыненых у Беларусі з 1 траўня 2020 года, уключаючы іх гендэрныя і ўзроставыя аспекты і іх уздзеянне на ахвяр і пацярпелых.

Папярэдні даклад групы абмяркоўваўся на 58-й сесіі СПЧ 19 сакавіка 2025 года, пасля чаго 3 красавіка яе мандат быў падоўжаны на чарговы год.

Падзяліцца: