Мінск 22:36

Санкцыі ЕС у дачыненні да Беларусі падоўжаныя яшчэ на год — МЗС Літвы

Ілюстрацыя: "Позірк"

26 лютага, Позірк. Савет Еўрапейскага саюза 26 лютага падоўжыў санкцыі супраць Беларусі яшчэ на год, паведаміла МЗС Літвы.

Адзначаецца, што абмежавальныя меры “захаваюць моц у тым жа аб’ёме, што і раней, без якіх-небудзь змяненняў“.

У паведамленні падкрэсліваецца, што “санкцыі супраць Лукашэнкі звязаныя з унутранымі рэпрэсіямі ў Беларусі, актыўнай падтрымкай Расіі ў яе вайне супраць Украіны, а таксама гібрыднымі нападамі на дзяржавы — члены Еўрапейскага саюза“.

“Палітыка беларускага ўрада застаецца нязменнай: грамадзянская супольнасць працягвае цярпець пераслед, беларускія і замежныя грамадзяне ўтрымліваюцца ў закладніках і знаходзяцца ў турмах з абсурдных прычын, супраць нас і нашых партнёраў ажыццяўляюцца новыя гібрыдныя атакі. Тэрыторыя Беларусі выкарыстоўваецца ў вайсковых мэтах — там праходзяць лячэнне расійскія вайскоўцы, выкрадзеныя з Украіны дзеці трапляюць пад ідэалагічную апрацоўку, а вайсковая інфраструктура выкарыстоўваецца для абыходу ўкраінскай сістэмы СПА. Мы вітаем калектыўную згоду краін ЕС захоўваць ціск на рэжым, адказны за сур’ёзныя міжнародныя злачынствы“, — падкрэсліў міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.

МЗС адзначае, што цяпер пад санкцыямі ЕС знаходзяцца 312 грамадзян Беларусі і 57 суб’ектаў і арганізацый. Іх актывы ў Еўрапейскім саюзе замарожаныя, грамадзянам і кампаніям ЕС забаронена ажыццяўляць з імі фінансавыя аперацыі, а асобам, уключаным у санкцыйныя спісы, забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС. Эканамічныя санкцыі закранаюць фінансавы, гандлёвы, энэргетычны, транспартны і іншыя сектары — “з мэтай скараціць даходы рэжыму і прадухіліць абыход санкцый“.

Адзначаецца, што пастанова Савета ЕС будзе дзейнічаць да 28 лютага 2027 года “з магчымасцю падаўжэння“.

Па стане на вечар 26 лютага рашэнне Савета ЕС аб падаўжэнні санкцый у дачыненні да Беларусі ў Афіцыйным часопісе ЕС не размешчана.

Падзяліцца: