Мінск 15:00

Негатыўны сцэнар разводдзя — можа быць падтоплена 159 населеных пунктаў у 60 раёнах Беларусі

Разводдзе ў Жыткавіцкім раёне (вясна 2024 года)
Архіўнае відэа: тэлеканал СТБ / стоп-кадр: "Позірк"

26 лютага, Позірк. Пры негатыўным сцэнарыі развіцця разводдзя “падтапленне могуць зазнаць 159 населеных пунктаў у 60 раёнах” Беларусі, паведаміў на прэс-канферэнцыі 26 лютага ў Мінску намеснік начальніка ўпраўлення каардынацыі і кантролю дзейнасці міністэрстваў і мясцовых органаў улады Галоўнага ўпраўлення дзяржсістэмы прадухілення і ліквідацыі НС і грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Максім Буто.

Цяпер, паводле слоў спікера, паводкавая сітуацыя “ацэньваецца як стабільная: падтапленняў на тэрыторыі краіны сёлета не зарэгістравана”.

Разам з тым у рамках падрыхтоўкі да вясновага разводдзя МНС “загадзя прыняло адпаведнае распараджэнне”, якім прадугледжаны “шэраг мерапрыемстваў па арганізацыі працы органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях”.

У сваю чаргу начальніца аддзела гідралагічных прагнозаў службы гідралогіі і аграметэаралогіі Белгідрамета Алена Зубчонак заявіла, што ў 2026-м разводдзе “чакаецца больш высокім, чым у папярэднія гады”.

“Максімальныя ўзроўні вады будуць блізкія да сярэдніх шматгадовых значэнняў, — адзначыла яна. — Амаль паўсюдна вада выйдзе на пойму. На большасці рэк максімумы наблізяцца да небяспечных высокіх адзнак, пры якіх раней адзначаліся затапленні прыбярэжных тэрыторый”.

Найбольш складаная паводкавая сітуацыя, паводле яе слоў, прагназуецца ў басейнах рэк Днепр, Сож і Прыпяць.

Згодна з прагнозам Таварыства ратавання на водах (АСВОД), як сказала яго афіцыйная прадстаўніца Кацярына Міхалёва, у Брэсцкай вобласці “ў зону магчымага падтаплення” трапляюць Столінскі, Пінскі, Брэсцкі і Маларыцкі раёны. У Віцебскай вобласці падтапленні прагназуюцца ў басейнах рэк Заходняя Дзвіна і Днепр, “у тым ліку на тэрыторыі Міёрскага і Верхнядзвінскага раёнаў”. У Гомельскай вобласці “падтапленні магчымыя ў самім Гомелі, а таксама ў Гомельскім і Добрушскім раёнах”.

Раней кіраўнік МНС Вадзім Сіняўскі адзначаў, што для хуткага рэагавання сфармаваныя зводныя групы колькасцю не менш як 30 чалавек кожная.

Асаблівы акцэнт зроблены на забеспячэнне транспартнай даступнасці ў патэнцыйна небяспечных зонах. У прыватнасці, атрад спецпрызначэння “Зубр” гатовы забяспечваць праезд у раёнах, дзе вада можа перакрыць дарогі. У яго распараджэнні два тыпы наплаўных мастоў і паромныя пераправы.

У МНС падкрэслілі: усе падраздзяленні знаходзяцца ў поўнай гатоўнасці аператыўна рэагаваць на магчымыя паводкавыя сітуацыі.

Падзяліцца: