Мінск 13:04

Літва, Латвія і Польшча дамовіліся сумесна змагацца з пагрозамі на мяжы ЕС на фоне “гібрыдных атак Расіі і Беларусі”

Латвійская загарода на мяжы з Беларуссю
Ілюстрацыйнае фота: Alexander Welscher / LSM

26 лютага, Позірк. Сумесную дэкларацыю пра ўмацаванне супрацы ў галіне бяспекі знешніх межаў і рэагавання на гібрыдныя пагрозы ад імя сваіх краін падпісалі прэм’ер-міністры Літвы, Латвіі і Польшчы, вынікае з паведамлення латвійскага ўрада.

У дакуменце гаворыцца, што сітуацыя ў сферы бяспекі хутка мяняецца, але застаецца складанай, у прыватнасці, у святле “пастаянных гібрыдных атак Расіі і Беларусі” на згаданыя дзяржавы.

Краіны — падпісанты дэкларацыі абавязаліся “ўзмацніць супрацу для гарантавання бяспекі межаў, а таксама эфектыўна прадухіляць і спыняць незаконную і пераўтвораную ў інструмент міграцыю, кантрабанду мігрантаў і тавараў ды іншыя формы арганізаванай злачыннасці, а таксама гібрыдныя пагрозы на знешніх межах ЕС, у тым ліку на сушы, на моры і ў паветранай прасторы”. Гэтая супраца, згодна з дакументам, будзе развівацца як у рамках існага парадку двухбаковага ўзаемадзеяння, так і ў рамках Еўрасаюза.

Для эфектыўнай каардынацыі бакі дамовіліся “ўмацоўваць трохбаковыя кантакты на ўзроўні дарадцаў па нацыянальнай бяспецы прэм’ер-міністраў”, “стварыць адмысловыя каналы супрацы і каардынацыі для садзейнічання абмену інфармацыяй, уключаючы выкарыстанне механізмаў ранняга папярэджання”.

“Прызнаючы, што агульныя выклікі могуць запатрабаваць скаардынаваных і калектыўных дзеянняў, удзельнікі пацвярджаюць гатоўнасць абменьвацца інфармацыяй і аналітычнымі матэрыяламі пра гібрыдныя атакі РФ і Беларусі на нашы дзяржавы, а таксама пра захады, зробленыя для іх прадухілення; вызначаць і рэалізоўваць сумесныя праекты, вучэнні або ініцыятывы, якія падвышаюць індывідуальную і калектыўную гатоўнасць і трываласць”, — гаворыцца ў дакуменце.

Бакі таксама маюць намер “супрацоўнічаць у мэтах выяўлення суб’ектаў гібрыднай дзейнасці, іх метадаў, тактыкі, працэдур і мэтаў, а таксама каардынаваць эфектыўнае рэагаванне”; “кансультавацца па іншых узаемна ўзгодненых дзеяннях, якія ўдзельнікі палічаць неабходнымі, уключаючы магчымыя меры ў сферы кіравання знешнімі пунктамі пропуску праз мяжу”.

З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца міграцыйны крызіс, які ўлады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Еўрасаюз праз Беларусь, бо тых туды нібыта “паклікалі”, а сам ЕС “душыць” Мінск санкцыямі.

Летась 9 снежня ўрад Літвы абвясціў экстрэмальную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдную атаку Беларусі”. Рашэнне было прынятае “ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) навакольнага асяроддзя, якое ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, якія перавозяць кантрабанду”.

Уварванне паветраных шароў з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі ў Літву ўвосені і на пачатку снежня 2025 года стала прычынай неаднаразовага закрыцця Вільнюскага аэрапорта, размешчанага недалёка ад мяжы. У спробе змусіць Мінск паўплываць на сітуацыю Літва з 29 кастрычніка па 19 лістапада закрывала мяжу з Беларуссю.

Масавыя прылёты з Беларусі аэрастатаў з кантрабандай Польшча неаднаразова фіксавала з сярэдзіны студзеня гэтага года; адзінкавыя выпадкі назіраліся ў Латвіі.

Падзяліцца: