Памежнікі Літвы перахапілі дрон з кантрабанднымі цыгарэтамі непадалёк ад мяжы з Беларуссю

25 лютага, Позірк. Дрон з партыяй кантрабандных цыгарэт перахапілі ў ноч на 24 лютага ля мяжы з Беларуссю супрацоўнікі Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Літвы.
Паводле інфармацыі ведамства, аператар сістэмы відэаназірання памежнай заставы Трыбоніс (Варанскі памежны атрад) выявіў беспілотнік, што ляцеў ля вёскі Мілвідай (Шальчынінскі раён).
Памежнікі парушылі працу апарата з дапамогай антыдронавага абсталявання. Аднак беспілотнік прызямліўся высока на верхавіне сасны і захрас паміж галінамі. Каб зняць дрон, супрацоўнікам САДМ давялося звяртацца да адмыслоўцаў са спецабсталяваннем.
Пасля высветлілася, што беспілотнік транспартаваў 500 пачкаў цыгарэт NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі (кошт — 2.475 еўра з улікам падаткаў).
Распачатая адміністрацыйная справа па факце парушэння парадку набыцця і перавозкі падакцызных тавараў.
Паведамляецца, што з пачатку 2026 года літоўскія памежнікі перахапілі 6 дронаў, якія транспартавалі кантрабандныя цыгарэты (у 2025-м — 59, 2024-м — 54).
Як паведамляў “Позірк”, 9–13 лютага Група падтрымкі НАТО па барацьбе з гібрыднымі пагрозамі лютага абмяркоўвала з прадстаўнікамі розных органаў Літвы сітуацыю ў сферы бяспекі і захады рэагавання. Па выніках візіту эксперты маюць прадставіць “рэкамендацыі па ўзмацненні супрацьпаветранай абароны ад дронаў і паветраных шароў, якія выкарыстоўваюцца для кантрабанды”.
Апошні раз аэрапорт Вільнюса прыпыняў працу праз прылёт з боку Беларусі метэазондаў з кантрабандай увечары 17 лютага.
Уварванне паветраных шароў з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі ў Літву ўвосені і на пачатку снежня 2025 года стала прычынай неаднаразовага закрыцця Вільнюскага аэрапорта, размешчанага непадалёк ад мяжы. У спробе прымусіць Мінск паўплываць на сітуацыю Літва з 29 кастрычніка па 19 лістапада закрывала мяжу з Беларуссю.
Летась 9 снежня ўрад Літвы абвясціў экстрэмальную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдную атаку Беларусі”. Рашэнне было прынятае “ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспецы дзяржавы і небяспекай для жыцця і здароўя людзей, а таксама для маёмасці і (або) навакольнага асяроддзя, якое ствараецца тым, што на тэрыторыю Літвы з Беларусі запускаюцца паветраныя шары, што перавозяць кантрабанду”.
Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Беларусі Джон Коўл пасля вяртання ў Вільнюс з Мінска, дзе 12 і 13 снежня праводзіў перагаворы з Аляксандрам Лукашэнкам, заявіў, што апошні паабяцаў яму садзейнічаць у спыненні палётаў метэазондаў з Беларусі ў Літву.
20 студзеня 2026 года галоўны дарадца літоўскага прэзідэнта Дэйвідас Матулёніс заявіў, што дастаткова працяглы час Літва амаль не фіксуе сур’ёзнага наплыву кантрабандысцкіх паветраных шароў з Беларусі, сітуацыя “значна палепшылася”.
Літаральна праз тыдзень пасля гэтага, у ноч на 28 студзеня, Літва зафіксавала парушэнне паветранай прасторы з боку Беларусі.
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 24 лютага 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ЭканомікаУ студзені 2026-га пабудавана кватэр у 3,2 раза менш, чым пяць гадоў тамуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, ЭканомікаПамер дапамогі па бальнічным залежыць ад перыяду выплаты абавязковых страхавых унёскаў — ФСАНМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- ЭканомікаУ студзені 2026 года намінальны сярэдні заробак знізіўся на 11,4% — даныя Белстата (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+



