Мінск 01:31

Беларусь прагаласавала супраць ініцыяванай Украінай рэзалюцыі ГА ААН аб падтрымцы трывалага міру ў краіне

Табло галасавання: UN News

24 лютага, Позірк. Беларусь, як і Расія, прагаласавала супраць рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН аб падтрымцы трывалага міру ва Украіне, якую ініцыяваў пастаянны прадстаўнік гэтай краіны з нагоды чацвёртай гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расіі пры падтрымцы беларускага рэжыму.

Рэзалюцыя была прынятая 107 галасамі “за”. Устрымалася 51 краіна, супраць было 12. Акрамя Беларусі і Расіі гэта Іран, КНДР, Куба, Малі, Нікарагуа, Нігер, Эрытрэя, Судан, Буркіна-Фасо і Бурундзі.

Сярод краін на тэрыторыі былога СССР рэзалюцыю падтрымалі Грузія, Латвія, Літва, Малдова, Эстонія, устрымаліся Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Узбекістан, не галасавалі Азербайджан, Туркменістан.

ЗША ўстрымаліся, Венесуэла не галасавала.

У рэзалюцыі адзначаецца, што “поўнамаштабнае ўварванне Расійскай Федэрацыі ва Украіну працягваецца ўжо чатыры гады і па-ранейшаму мае надзвычай згубныя і доўгатэрміновыя наступствы для Украіны і для рэгіянальнай і глабальнай стабільнасці”.

Пацвярджаецца “цвёрдая прыхільнасць суверэнітэту, незалежнасці, адзінству і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў межах яе міжнародна прызнаных меж, уключаючы яе тэрытарыяльныя воды”.

Выказваецца “сур’ёзная заклапочанасць працяглымі і ўсё больш моцнымі нападамі Расійскай Федэрацыі на грамадзянскіх асоб, грамадзянскія аб’екты і крытычна важныя аб’екты энергетычнай інфраструктуры, а таксама сур’ёзным пагаршэннем гуманітарнай сітуацыі”.

ГА ААН “заклікае да неадкладнага, поўнага і безумоўнага спынення агню паміж Расійскай Федэрацыяй і Украінай”, “зноў заклікае ўсталяваць усёабдымны, справядлівы і трывалы мір у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права, уключаючы Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый”, а таксама “правесці поўны абмен ваеннапалоннымі, вызваліць усіх незаконна затрыманых асоб і вярнуць усіх інтэрнаваных і гвалтоўна перамешчаных або дэпартаваных грамадзянскіх асоб, уключаючы дзяцей, у якасці значнай меры ўмацавання даверу”.

Падзяліцца: