Мінск 23:57

МУС збіраецца ўзмацніць працу па “інфармацыйным супрацьстаянні”

Фота: МУС

24 лютага, Позірк. Супрацоўнікі МУС павінны актывізаваць барацьбу ў інфармацыйным полі. Пра гэта было заяўлена 24 лютага на “тэарэтычных вучэннях па пытаннях забеспячэння бяспекі ў асаблівых умовах”.

“Адным з ключавых аспектаў названа інфармацыйнае супрацьстаянне, — паведамляе прэс-служба ведамства. — Сёння супрацоўнікі міліцыі і іншых ведамстваў кругласутачна ажыццяўляюць маніторынг інтэрнэт-прасторы для своечасовага выяўлення адпаведнай інфармацыі і прыняцця дзейсных мер рэагавання. Аднак праца ў гэтым напрамку павінна быць узмоцнена”.

Падчас мерапрыемства былі змадэляваныя “розныя варыянты ўскладнення аператыўнай абстаноўкі, вызначаныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі і прыдадзеных сіл у канкрэтных сітуацыях”.

Паводле слоў міністра Івана Кубракова, аналагічныя трэніроўкі пройдуць ва ўсіх абласцях, бо неабходна “адпрацаваць усе праблемныя моманты, каб унесці прапановы па змяненні заканадаўства”.

“Мы павінны прадумаць дадатковыя інструменты для захавання правапарадку ў краіне і забеспячэння бяспекі нашых грамадзян, а таксама супрацоўнікаў пры нясенні службы ва ўмовах павышанага ўзроўню пагрозы”, — падкрэсліў чыноўнік.

У Беларусі антыэкстрэмісцкае заканадаўства выкарыстоўваецца ўладамі для палітычных рэпрэсій.

МВД і КДБ адвольна, у пазасудовым парадку абвяшчаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаўнай палітыцы.

Сродкі масавай інфармацыі і медыяарганізацыі, што не падтрымліваюць рэжым, абвяшчаюцца “экстрэмісцкімі фарміраваннямі”. Гэта адкрывае шлях для адвольнага крымінальнага пераследу і турэмнага зняволення іх супрацоўнікаў, абмежавання права на свабоду асацыяцый і выказвання меркавання.

Падзяліцца: