Мінск 20:41

У Мінску выканана першая рабатычная рэзекцыя печані на робакомплексе Medbot

Фота: МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі

24 лютага, Позірк. У Мінску 19 лютага выканана першая рабатычная рэзекцыя печані (выдаленне часткі органа) на кітайскім робакомплексе Medbot, паведаміў 24 лютага Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі.

Адзначаецца, што пацыентка адчувае сябе добра і рыхтуецца да выпіскі.

Рабатычная хірургія печані мае найвышэйшую дакладнасць, падкрэсліваецца ў паведамленні. Пры гэтым кровастрата мінімальная, у хірурга ёсць доступ да складаных зон з мінімальным траўмаваннем тканак. Скарачаюцца тэрміны шпіталізацыі і колькасць ускладненняў.

“Укараненне рабатычнага комплексу адкрывае новую эру ў лячэнні ачаговых паражэнняў печані і выводзіць беларускую хірургію на сусветны ўзровень”, — падкрэслівае цэнтр.

Упершыню робата для аперацыі ў цэнтры выкарысталі 6 лютага. Аперацыю пацыентцы з захворваннем жоўцевага пузыра і печані правёў дырэктар МНПЦ Алег Румо.

Каб навучыцца працаваць на новым абсталяванні, некалькі брыгад спецыялістаў МНПЦ ездзілі на стажыроўку ў Кітай, паведамляла раней Міністэрства аховы здароўя.

У дзень першай аперацыі ў МНПЦ адбылося падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне рабатычнай хірургіі з партнёрамі з Кітая. Рабатызаваны комплекс Medbot у МНПЦ — першы ў сістэме Мінздароўя. MedBot распрацаваны ў 2014 годзе ў межах праекта кампаніі Shanghai MicroPort MedBot і фармальна стаў незалежным у 2015-м.

Упершыню на тэрыторыі Беларусі аперацыя на рабатычным комплексе была праведзеная 6 лютага 2018 года — у Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры Кіраўніцтва справамі прэзідэнта на робата-асіставаным хірургічным комплексе Senhance Surgery (ЗША).

Падзяліцца: