Мінск 16:59

Тавараабарот Беларусі і Узбекістана ў 2025 годзе перавысіў 850 млн долараў — амбасадар Агароднікаў

Ташкент, Узбекістан
Ілюстрацыйнае фота: ZBS / unsplash.com

24 лютага, Позірк. Па выніках 2025 года знешнегандлёвы абарот Беларусі і Узбекістана перавысіў 850 млн долараў, вынікае з папярэдняй ацэнкі, якую 24 лютага прадставіў амбасадар у гэтай краіне ў Цэнтральнай Азіі Аляксандр Агароднікаў.

“Мы вельмі блізкія да запаветнага мільярда [долараў тавараабароту], — падкрэсліў дыпламат (на падставе відэафрагмента ў тэлеграм-канале Савета міністраў). — Ён ужо не падаецца такім недасяжным, бо летась тавараабарот вырас больш як на 34%”.

Беларусь пастаўляе на ўзбекістанскі рынак прадукцыю сельгасмашынабудавання, дрэваапрацоўкі, прадукты (мяса, малочную прадукцыю, лекі).

“У нас пастаянна з’яўляюцца новыя невялікія нішы, бо Узбекістан вельмі актыўна развіваецца — 7,7% росту ВУП летась. Ён лідар у сваім рэгіёне. Гэта сведчыць пра тое, што развіваюцца абсалютна ўсе галіны”, — лічыць дыпламат.

У Беларусь з Убекістана, паводле яго слоў, пастаўляецца садавіна, вінаград, кавуны, дыні — “тое, да чаго ўжо прызвычаіліся беларускія пакупнікі”: “Сезон і надвор’е такое, што дазваляюць збіраць два, а часам і тры ўраджаі”.

На думку Агароднікава, “не варта скідаць з рахункаў” таксама прадукцыю прамысловасці Узбекістана, бо “ідзе вельмі актыўнае развіццё”.

Падзяліцца: