Мінск 15:20

У Пакістане шукаюць ахвочых працаўладкавацца дарожнымі рабочымі ў Беларусі

Пакістанскія рабочыя ў ААЭ
Ілюстрацыйнае фота: Middle East Monitor

24 лютага, Позірк. Кампанія American International, што месціцца ў пакістанскім горадзе Равалпіндзі, з 17 лютага шукае людзей ва ўзросце 18–40 гадоў на 24 вакансіі дарожных рабочых, якія будуць працаваць у Мінску.

Рабочым прапануецца заробак у памеры 600–700 долараў ЗША, вынікае з абвесткі на сайце Бюро эміграцыі і працаўладкавання за мяжой урада гэтай краіны ў Паўднёвай Азіі.

Раней згаданая кампанія шукала працаўнікоў, якія жадаюць займацца перапрацоўкай рыбы ў Брэсце.

Па-ранейшаму (з 18 лістапада 2025 года) даступныя дзве з шасці вакансій пакістанскай кампаніі R.B.S. Brothers — таксама з Равалпіндзі, — што шукае суграмадзян, якія жадаюць папрацаваць у Беларусі ў якасці некваліфікаваных рабочых. Прапануецца заробак у памеры 2.500 беларускіх рублёў (каля 877 долараў).

Пры гэтым у горадзе Лахор з 29 кастрычніка мінулага года беспаспяхова працягваецца пошук 100 ахвочых папрацаваць у Беларусі па 11 будаўнічых спецыяльнасцях з прапанаваным заробкам 600 долараў. Вызначаны на сайце тэрмін пошуку заканчваецца 26 лютага.

11 красавіка Аляксандр Лукашэнка па выніках сустрэчы ў Мінску з кіраўніком урада Пакістана Шахбазам Шарыфам заявіў, што краіны дамовіліся выпрацаваць механізм прыезду ў Беларусь пакістанскіх працоўных мігрантаў. Паводле яго слоў, Беларусь гатовая прыняць 100–150 тыс. спецыялістаў.

Гэтыя планы выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадстве, якая, у сваю чаргу, выклікала раздражненне ў беларускіх уладаў.

“Зацікаўленыя” хочуць “ўзрушыць беларускае грамадства” праблемай мігрантаў, у прыватнасці тэмай прыезду ў Беларусь работнікаў з Пакістана, заявіў Лукашэнка 25 красавіка на нарадзе пра развіццё раёнаў Гомельскай вобласці, што пацярпелі ў выніку выбуху на Чарнобыльскай АЭС.

Міністэрства ўнутраных спраў адрапартавала пра выяўленне “актыўных правакатараў, што наўмысна спрабавалі нагнятаць абстаноўку ў краіне і маніпуляваць грамадскай думкай”, распаўсюджваючы інфармацыю пра ўезд у Беларусь 150 тыс. грамадзян Пакістана.

Звязаны з сілавікамі тэлеграм-канал апублікаваў відэазапіс з затрыманымі за каментарыі і ролікі ў “ЦікТоку” 18-гадовым хлопцам і 20-гадовай дзяўчынай. Маладыя людзі выбачаліся на камеру за “распаўсюд фэйкаў” і “гнеўныя каментарыі на адрас жыхароў цудоўнай краіны Пакістана”.

14 жніўня Лукашэнка ў віншаванні прэм’ер-міністру Пакістана з Днём незалежнасці нагадаў яму пра “накіраванне пакістанскіх кваліфікаваных спецыялістаў для працы ў Беларусь”.

5 лістапада стала вядома, што Палата прадстаўнікоў у двух чытаннях ратыфікавала падпісанае 11 красавіка ў Мінску беларуска-пакістанскае пагадненне аб рэадмісіі. Яно прадугледжвае абавязацельства Беларусі і Пакістана на запыт другога боку прымаць уласных грамадзян, якія “ўехалі або знаходзяцца на тэрыторыі дзяржавы запытальнага боку з парушэннем заканадаўства гэтай дзяржавы па пытаннях уезду, выезду і знаходжання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства”.

14 лістапада паведамлялася, што амбасадар Польшчы ў Пакістане Мацей Пісарскі выказаў занепакоенасць з нагоды трафікінга (гандаль людзьмі, уключаючы вярбоўку, перавозку, укрывальніцтва) з Беларусі ў еўрапейскія краіны, у т.л. Польшчу.

Як адзначаў “Позірк”, на 20 лютага 2026 года для замежных грамадзян на партале Дзяржаўнай службы занятасці было адкрыта 22.338 вакансій — на 16,7% больш, чым на 21 студзеня (19.132).

Падзяліцца: