Мінск 12:55

Праваабаронцы заклікалі СПЧ ААН захаваць краінавыя мандаты па Беларусі

Савет ААН па правах чалавека
Ілюстрацыя: ohchr.org

24 лютага, Позірк. З заклікам падоўжыць і ўзмацніць мандаты спецдакладчыка ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і профільнай Групы незалежных экспертаў выступілі 17 праваабарончых арганізацый.

Зварот адрасаваны акрэдытаваным у Жэневе (Швейцарыя) пастаянным прадстаўнікам краін — членаў і назіральнікаў Савета ААН па правах чалавека (СПЧ), 61-я сесія якога праходзіць 23 лютага — 31 сакавіка.

Праваабаронцы падкрэслілі, што “падаўжэнне дзеяння гэтых розных, але ўзаемадапаўняльных мандатаў мае жыццёва важнае значэнне для рэагавання на неаслабны крызіс у галіне правоў чалавека, які працягваецца ўнутры краіны”.

У пацвярджэнне сваёй тэзы яны прывялі шэраг фактаў, якія сведчаць як пра ўзмацненне палітычных рэпрэсій у Беларусі, так і пра пераслед беларусаў, што былі вымушаныя пакінуць краіну.

Звяртаецца ўвага на тое, што “Група экспертаў сканцэнтраваная на зборы, кансалідацыі, захаванні і аналізе доказаў сур’ёзных парушэнняў і злоўжыванняў у галіне правоў чалавека і, па магчымасці, на высвятленні адказных асоб з мэтай будучых крымінальных разбіральніцтваў у судах і трыбуналах, якія маюць адпаведную юрысдыкцыю”. Такая праца, перакананыя аўтары дакумента, “незаменная для таго, каб разарваць цыклы беспакаранасці і забяспечыць кампенсацыю шкоды ахвярам”.

“Спецыяльны дакладчык, наадварот, падтрымлівае “мост” з беларускай грамадзянскай супольнасцю і забяспечвае інфармаванне міжнароднай супольнасці пра тыя новыя выклікі ў сферы правоў чалавека ў Беларусі, што развіваюцца, — падкрэслілі праваабаронцы. — Гэтая больш шырокая функцыя маніторынгу гарантуе, што парушэнні ўсіх фундаментальных правоў — грамадзянскіх, палітычных, эканамічных, сацыяльных і культурнніцкіх — застаюцца на парадку дня СПЧ ААН і пад грамадскай увагай”.

На іх думку, “захоўваючы як механізм, арыентаваны на прыцягненне да адказнасці, так і экспертны маніторынг, СПЧ ААН забяспечвае неабходную глыбіню аналізу сістэмнага характару і сур’ёзнасці крызісу”. Падаўжэнне і ўзмацненне кожнага з гэтых механізмаў “пасылае адназначны сігнал пра тое, што міжнародная супольнасць застаецца пільнай і прыхільнай падтрымцы тых, хто імкнецца да справядлівасці і павагі правоў чалавека ў Беларусі”.

“Народ Беларусі перажывае зацяжную і ўсё больш моцную кампанію рэпрэсій, супрацьстаяць якой аніводзін чалавек або арганізацыя грамадзянскай супольнасці не здольныя паасобку, — гаворыцца ў дакуменце. — Рашучасць міжнароднай супольнасці забяспечыць падсправаздачнасць і абарону асноўных свабод мае вырашальнае значэнне для любога рэальнага аднаўлення справядлівасці. У сувязі з гэтым мы заклікаем <…> падтрымаць моцную рэзалюцыю, якая падаўжае абодва мандаты і тым самым забяспечвае неабходны кантроль і дбайную следчую працу, на якую маюць права ахвяры сур’ёзных парушэнняў”.

Зварот падпісалі Беларуская асацыяцыя абаронцаў правоў чалавека, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Нuman Constanta, праваабарончы цэнтр “Вясна”, Human Rights House Foundation, Human Rights Watch, міжнародная сетка па свабодзе выказвання меркаванняў IFEX, Інстытут па правах чалавека Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў, Міжнародная камісія юрыстаў, Міжнародная федэрацыя за правы чалавека, Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў, Міжнародны саюз асацыяцый работнікаў харчовай і сельскагаспадарчай галін, гатэляў, рэстаранаў, грамадскага харчавання, тытунёвай прамысловасці і сумежных галін, Lawtrend, Lawyers’ Rights Watch Canada (Канада), “Прававая ініцыятыва” і Беларускі ПЭН.

Як паведамляў “Позірк”, чарговы даклад групы незалежных экспертаў па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі мае быць разгледжаны на 61-й сесіі СПЧ ААН 12 сакавіка. Напрыканцы сесіі мае быць разгледжанае пытанне пра падаўжэнне працы групы (мандат заканчваецца 3 красавіка).

Мандат спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нілса Раймандса Муйжніекса дзейнічае да ліпеня 2026 года. Яго даклад будзе прадстаўлены СПЧ на 62-й сесіі ў чэрвені.

Падзяліцца: