Мінск 04:16

Размяшчэнне расійскага “Орешника” носіць выключна абарончы характар — МЗС

Відэазапіс працэсу дастаўкі ракетнага комплексу "Орешник"
Відэазапіс: Міністэрства абароны Беларусі / стоп-кадр: "Позірк"

23 лютага, Позірк. Адказ Беларусі суразмерны нарастаючым выклікам і пагрозам нацыянальнай бяспекі і ўзроўню эскалацыі сітуацыі ў рэгіёне, носіць выключна абарончы характар і ажыццяўляюцца ў строгай адпаведнасці з міжнародным правам, уключаючы Дагавор аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. Такую заяву наконт размяшчэння ў Беларусі расійскага ракетнага комплексу “Орешник” зрабіў намеснік міністра замежных спраў Ігар Сакрэта на сегменце высокага ўзроўню Канферэнцыі ААН па раззбраенні ў Жэневе.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба МЗС, Беларусь не ўвязваецца ў “бяздумную гонку ўзбраенняў, радыкальна павялічваючы ваенныя выдаткі“. “Аднак у існуючай сітуацыі ў якасці элемента стрымлівання мы былі вымушаныя размясціць у сябе расійскую тактычную ядзерную зброю. У гэтых жа мэтах на тэрыторыі Беларусі быў размешчаны расійскі ракетны комплекс “Орешник”, — сказаў Сакрэта.

Чыноўнік растлумачыў, што падпісаны летась Беларуссю і Расіяй Дагавор аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы прадугледжвае выкарыстанне для абароны любых відаў зброі, уключаючы ядзерную.

“Крытыкам нагадаю, — сказаў ён, — што яшчэ ў 2019 годзе Беларусь выступіла з ініцыятывай аб распрацоўцы шматбаковай палітычнай дэкларацыі аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці пасля развалу Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці. На жаль, нашу ініцыятыву не пачулі ці не захацелі пачуць і падтрымаць“.

У якасці доказу таго, што Беларусь не шукае канфрантацыі, намеснік міністра нагадаў, што падчас беларуска-расійскіх вучэнняў “Захад-2025“ летась у верасні “значна знізілі іх колькасць і перанеслі асноўныя манеўры ўглыб тэрыторыі Беларусі“. Для назірання за вучэннямі ў якасці жэсту добрай волі былі запрошаны ўсе дзяржавы — удзельніцы АБСЕ. Сакрэту выказаў шкадаванне, што многія краіны Захаду ўдзел не ўзялі.

У заключэнне дыпламат згадаў тэму забароны распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння і новых сістэм такой зброі. Паводле яго слоў, гэта “з’яўляецца адным з беларускіх прыярытэтаў на раззбраенскіх пляцоўках у 2026 годзе“.

Ён паведаміў, што падчас 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН Беларусь плануе прадставіць традыцыйны праект рэзалюцыі “Забарона распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння і новых сістэм такой зброі: даклад канферэнцыі па раззбраенні“.

Беларуска-расійскія стратэгічныя вучэнні “Захад-2025“ праходзілі 12-16 верасня 2025 года на палігонах абедзвюх краін, а таксама ў акваторыях Балтыйскага і Баранцава мораў.

15 верасня 2025 года міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што ў вучэннях “Захад-2025“ удзельнічае 6 тыс. беларускіх вайскоўцаў і 1 тыс. расіян.

“Знакавымі мерапрыемствамі” начальнік Генеральнага штаба Павел Муравейка назваў “планаванне і разгляд прымянення нестратэгічнай ядзернай зброі“, а таксама “ацэнку і разгортванне ракетнага рухомага комплексу “Орешник“.

11 студзеня аб’яднання BelPol заявіла, што ў Беларусь не завезены з РФ “Орешник”, а заявы Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэння з ліку сілавікоў аб пастаноўцы расійскага ўзбраення на баявое дзяжурства носяць прапагандысцкі характар.

Сярод іншага аўтары звяртаюць увагу на 35-секундны відэаролік, апублікаваны 30 снежня 2025 года Міністэрствам абароны. Ведамства сцвярджала, што на паказаных кадрах — “рытуал заступлення на баявое дзяжурства рухомага грунтавога ракетнага комплексу “Орешник”, дастаўленага ў Беларусь. Паводле звестак BelPol, гэта пастановачнае відэа.

BelPol звяртае ўвагу, што ў склад комплексу “Орешник” уваходзіць мноства тэхнікі, якая абслугоўвае і ахоўвае. У выніку, паводле ацэнак экспертаў, даўжыня перасоўнай калоны комплексу павінна складаць 400-650 метраў. Не заўважыць такую колькасць вайсковай тэхнікі з дапамогай спадарожнікавых здымкаў і іншых сродкаў выведкі немагчыма, мяркуе BelPol, — “асабліва пасля гучнай заявы аб наяўнасці “Орешника” на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.

BelPol падкрэслівае, што для функцыянавання “Орешника” ў Беларусі павінна быць створаная асобная вайсковая структура — са штабам палка, стацыянарным вузлом сувязі і вышкай сувязі, карпусамі для пражывання і абслугоўвання асабістага складу, гаражамі і інш. “схаваць будаўніцтва аб’екта такога кшталту вельмі цяжка”, — заяўляюць аўтары.

Нерэальна, на думку следчых, таксама пабудаваць такія аб’екты за адзін год, які прайшоў пасля першай заявы Лукашэнкі аб жаданні размясціць у Беларусі “Орешник”.

Акрамя таго, гэта затратна, так як кошт адной мабільнай ўстаноўкі можа перавышаць 100 млн долараў, а кошт усяго комплексу складзе арыентыровачна 1-2 млрд долараў. Пры гэтым гатоўнасць РФ узяць на сябе фінансаванне BelPol ацэньвае скептычна, бо, паводле інфармацыі аб’яднання, расійскі бок і без таго мае праблемы з разлікамі па вайсковых заказах у Беларусі.

Падзяліцца: