Мінск 23:38

Лукашэнка падпісаў указ аб вясновым прызыве

23 лютага, Позірк. Указ № 67 “Аб звальненні ў запас і прызыве на тэрміновую вайсковую службу, службу ў рэзерве” падпісаў 23 лютага Аляксандр Лукашэнка.

Дакументам прадугледжваецца “Прызваць у сакавіку — траўні 2026 года на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве грамадзян Беларусі мужчынскага полу, якім да дня прызыву споўнілася 18 гадоў і якія не маюць права на адтэрміноўку ад прызыву, а таксама грамадзян прызыўнога ўзросту, якія страцілі права на адтэрміноўку”.

Адначасова звальняюцца ў запас вайскоўцы тэрміновай ваеннай службы, якія выслужылі ўстаноўленыя тэрміны.

У рамках восеньскага прызыву ў верасні — лістападзе 2025 года ў “шэрагі Узброеных сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў“ было накіравана каля 10 тыс. вайскоўцаў.

У Беларусі штогод праходзяць два прызывы — восеньскі і вясновы, для кожнага падпісваюцца асобныя ўказы.

На пачатку 2023 года былі зніжаныя патрабаванні да стану здароўя грамадзян, якія прымяняюцца пры вызначэнні прыдатнасці да праходжання вайсковай службы. У прыватнасці, верхняя мяжа масы, пры якім грамадзян прызнаюць непрыдатнымі да службы ў сілах спецыяльных аперацый, узняты з 90 да 100 кг. Пры гэтым мужчын, якія важаць больш за 100 кг, дазволена прымаць у органы пагранічнай службы, а таксама спецыяльныя міліцэйскія злучэнні і воінскія часці.

Раней не прыпісваліся да прызыўных участкаў і прызнаваліся непрыдатнымі да тэрміновай службы і службы ў рэзерве ў мірны час грамадзяне з атлусценнем II ступені з індэксам масы цела 37 кг/м2 (больш за 117 кг пры сярэднім для беларускіх мужчын росце 178 см), з блізарукасцю любога вока на адным з мерыдыянаў 6-8 дыёптрый. Цяпер такія грамадзяне прызнаюцца абмежавана прыдатнымі да тэрміновай службы і службе ў рэзерве. Як і раней, яны застаюцца прыдатнымі з абмежаваннямі да службы па кантракце ў спецыяльных злучэннях.

За ўхіленне ад службы прадугледжана адказнасць па арт. 435 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыву на вайсковую службу).

Падзяліцца: