Мінск 21:25

ЕС не змог зацвердзіць 20-ы пакет антырасійскіх санкцый, які прадугледжвае абмежаванні і ў дачыненні да Беларусі

Ілюстрацыя: "Позірк"

23 лютага, Позірк. Савет ЕС па замежных справах на пасяджэнні 23 лютага не здолеў зацвердзіць 20-ы пакет санкцый у дачыненні да Расіі, які, як чакалася, павінен быў быць прымеркаваны да чацвёртай гадавіны пачатку расійскай вайсковай агрэсіі ў дачыненні да Украіны (24 лютага).

На прэс-брыфінгу пасля пасяджэння вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас паведаміла, што на ім не ўдалося дасягнуць пагаднення па згаданым пакеце, але “праца працягваецца“.

20 лютага міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс паведаміў у інтэрв’ю LRT, што пакетам у ліку прадугледжана “пашырэнне некаторых захадаў у дачыненні да Беларусі“.

У тым жа інтэрв’ю Будрыс заявіў, што на гэтым тыдні 23 лютага Савет ЕС па агульных справах “з імавернасцю 95%“ падоўжыць санкцыі ў дачыненні да Беларусі яшчэ на год і “ў тым жа аб’ёме, у якім яны дзейнічаюць цяпер“.

Пра тое, што Еўрасаюз мае намер падоўжыць індывідуальныя і сектаральныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі яшчэ на адзін год, заявіў 19 лютага і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Падзяліцца: