Мінск 23:00

Зяленскі паабяцаў данесці да ЗША, што Лукашэнка — саўдзельнік агрэсіі супраць Украіны

Уладзімір Зяленскі
Фота: прэс-служба прэзідэнта Украіны

23 лютага, Позірк. Украіна ў перамовах з ЗША пакуль не ўздымала пытанне аб саўдзеле Аляксандра Лукашэнкі ў злачынстве агрэсіі супраць Украіны, якое здзяйсняе Расія, аднак збіраецца зрабіць гэта ў бліжэйшы час.

Гэта вынікае з інтэрв’ю прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага парталу “Люстэрка“, якое, спасылаючыся на заявы ўкраінскага лідара пры нядаўнім увядзенні персанальных санкцый у дачыненні да Лукашэнкі, спытала, якімі менавіта будуць “асаблівыя наступствы” за падтрымку ім расейскай агрэсіі.

Паводле слоў Зяленскага, Украіна не ўздымала пытанне Лукашэнкі ў дыялогу з амерыканскім бокам, бо бачыла, што амерыканцы “настроеныя знайсці камунікацыю з ім, выйсці на вынік дыпламатычным шляхам“.

“Мы будзем уключацца цяпер у гэты трэк і будзем прагаворваць з ЗША, што так не можа быць, што ён падтрымлівае расійскі рэжым — падтрымлівае вайной, а не толькі яе геапалітыку“, — сказаў прэзідэнт Украіны.

“Ён дапамагае забіваць цывільных. У нас ёсць доказы, у нас усё гэта ёсць на картах, усё зафіксавана на відэа і гэтак далей: як з тэрыторыі Беларусі дзякуючы рэтранслятарам заходзілі “шахеды“ (беспілотныя лятальныя апараты з выбухоўкай. — «Позірк».). Гэта злачынства, бо яны дапамагалі агрэсару — гэта факт. Пасля нанясення гэтых удараў гінулі грамадзянскія. Гэта значыць для нас гэта злачынства. І цяпер мы будзем займацца юрыдычным складнікам гэтых злачынстваў”, — паабяцаў Зяленскі.

“Санкцыйная палітыка — гэта першы крок, як я і сказаў, — падкрэсліў ён. — Мы будзем развіваць і працуем цяпер над юрыдычным базісам па яе працягу. Гэта будзе тычыцца не толькі Лукашэнкі. Мы гаворым пра яго асяроддзі, пра яго сыноў і гэтак далей. І яшчэ адна гісторыя, як я і казаў: мы будзем сачыць за ўсёй той вайсковай дапамогай, якую ён дае [Расіі]“.

Аб увядзенні санкцый у дачыненні да Лукашэнкі прэзідэнт Украіны паведаміў 18 лютага.

Тады ён заявіў, што Украіна “актывізуе супрацьдзеянне ўсім формам садзейнічання” Лукашэнку “забойствам украінцаў” і будзе “працаваць з партнёрамі так, каб гэта мела глабальны эфект”.

Паводле слоў украінскага прэзідэнта, у другой палове 2025 года на тэрыторыі Беларусі расіяне разгарнулі сістэму рэтранслятараў для кіравання ўдарнымі дронамі, што павялічыла магчымасці арміі РФ наносіць удары па паўночных абласцях Украіны — Кіеўскай, Валынскай і іншых.

Зяленскі заявіў, што Лукашэнка ўжо даволі даўно “абменьвае суверэнітэт Беларусі на працяг асабістай улады, дапамагае расіянам абыходзіць санкцыі за гэтую агрэсію, актыўна апраўдвае расейскую вайну, а цяпер яшчэ і павялічвае свой уласны ўдзел у маштабаванні і зацягванні вайны”.

13 снежня 2025 года ў рамках дамоўленасцяў паміж Мінскам і Вашынгтонам Лукашэнка вызваліў 123 чалавекі (110 грамадзян Беларусі і 13 замежнікаў) з умовай іх наступнага ад’езду з краіны. Тады прэс-служба палітыка пасля яго перамоваў са спецпрадстаўніком Трампа па Беларусі Джонам Коўлам паведамляла, што рашэнне аб памілаванні згаданых грамадзян было прынята ім “у рамках дасягнутых дамоўленасцяў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і па яго просьбе, у сувязі з адменай незаконных санкцый супраць калійнай галіны Рэспублікі Беларусь, уведзеных адміністрацыяй папярэдняга прэзідэнта ЗША Байдэна, і ў сувязі з пераходам у практычную плоскасць працэсу адмены іншых незаконных санкцый супраць Рэспублікі Беларусь“.

Летась у верасні ў абмен на зняцце амерыканскі санкцый з кампаніі “Белавія“ Лукашэнка вызваліў 52 чалавекі, уключаючы Мікалая Статкевіча, які адмовіўся пакідаць Беларусь. Ён быў вернуты ў турму (цяпер аднаўляецца дома пасля перанесенага інсульту).

21 чэрвеня 2025 года, у дзень візіту ў Мінск спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Кіта Келага, было вызвалена і вывезена ў Літву 14 зняволеных, у тым ліку муж дэмакратычнага лідара Беларусі Сяргей Ціханоўскі.

Падзяліцца: