Мінск 15:17

За мінулы тыдзень правам бязвізавага ўезду ў Беларусь скарысталіся 2.925 еўрапейцаў

Ілюстрацыйнае фота: Дзяржпагранкамітэт

23 лютага, Позірк. З 16 па 23 лютага ў бязвізавым парадку ў Беларусь уехала 2.925 грамадзян еўрапейскіх дзяржаў (тыднем раней — 3.259), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За апошні тыдзень у Беларусь прыбыў 1.021 грамадзянін Літвы (1.345), 761 грамадзянін і неграмадзянін Латвіі (763), 652 грамадзяніна Польшчы (675), 491 грамадзянін іншых еўрапейскіх дзяржаў са спісу пашыранага бязвізу (476).

З сярэдзіны вясны 2022 года Беларусь наведала 1.277.004 жыхары Еўропы. З Латвіі прыбыло 410.127 замежнікаў, Літвы — 669.111, Польшчы — 136.681. У рамках пашыранага бязвізу для 35 еўрапейскіх дзяржаў з сярэдзіны лета 2024 года ў Беларусь заехала 61.085 чалавек.

Для жыхароў Літвы і Латвіі бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года, Польшчы — з 1 ліпеня таго ж года, яшчэ 35 краін Еўропы — з 19 ліпеня 2024-га.

9 снежня 2025 года Аляксандр Лукашэнка падоўжыў бязвізавы ўезд для грамадзян 38 еўрапейскіх краін да 31 снежня 2026 года ўключна.

Пашыраны бязвіз тычыцца жыхароў Андоры, Аўстрыі, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Люксембурга, Ліхтэнштэйна, Мальты, Манака, Нарвегіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Паўночнай Македоніі, Румыніі, Сан-Марына, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі.

Большасць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Падзяліцца: