Мінск 14:37

Статкевіч не мае ні медыцынскіх дакументаў, ані нават пашпарта — жонка палітыка

Архіўнае фота: "Позірк"

23 лютага, Позірк. Мікалай Статкевіч выйшаў на волю “без пашпарта, без якіх-небудзь дакументаў, без эпікрызу ці якой-небудзь выпіскі з медыцынскіх дакументаў, без разумення статусу”, паведаміла ў інтэрв’ю LRT жонка апазіцыйнага палітыка Марына Адамовіч.

“Гэта стварае вялікія праблемы для аператыўнага аказання медыцынскай дапамогі, — адзначыла яна. — Магу толькі сказаць, што сёння ён выглядае і адчувае сябе лепш, чым у той момант, калі я пабачыла яго ў турэмным шпіталі ўпершыню за 3 гады і амаль 8 месяцаў”.

Паводле слоў Адамовіч, “сур’ёзныя праблемы са здароўем у Мікалая пачаліся ў студзені — тады яго экстрана шпіталізавалі”.

“Інсульт, а дакладней інфаркт мозгу, адбыўся 21 студзеня. Паводле слоў Мікалая, у той жа вечар яго прывезлі ў Мінск, у бальніцу. Мікалай вельмі ўдзячны ўрачам за прафесіяналізм. Сёння большасць функцый арганізма адноўлена”, — сказала яна.

Палітык распавёў жонцы, што з моманту, калі яго вярнулі ў калонію пасля спробы вывезці з Беларусі, яму “перасталі выдаваць востра неабходныя лекі альбо замянялі іх на, мякка кажучы, малаэфектыўныя”.

У сувязі з немагчымасцю выехаць на рэабілітацыю застаецца толькі “дом, спакой, прагулкі, якасная ежа і самыя неабходныя лекі паводле парады ўрача, які яго лячыў”.

Тое, што Статкевіч можа выйсці на волю, Адамовіч даведалася раптоўна: “Роўна за пяць хвілін да таго, як гэта адбылося, калі начальнік турэмнай бальніцы сказаў, што калі я хачу, то магу забраць Мікалая дадому, каб ён працягваў аднаўляцца ў хатніх умовах”. “Я спытала: “Што для гэтага ад мяне трэба?” Выявілася, што [патрэбна напісаць] заяву на імя начальніка бальніцы з просьбай вызваліць для рэабілітацыі ў хатніх умовах”, — распавяла яна.

Пра тое, што Статкевіч знаходзіцца дома і аднаўляецца пасля інсульту Адамовіч паведаміла 19 лютага.

Статкевіч быў затрыманы ў траўні 2020 года. 14 снежня 2021 года суддзя Мікалай Доля на выязным пасяджэнні Гомельскага абласнога суда прыгаварыў палітыка да 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах асаблівага рэжыму ў рамках палітычна матываванай справы.

11 верасня 2025 года Статкевіч і яшчэ 51 вязень былі вызваленыя ў рамках здзелкі паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Аляксандрам Лукашэнкам.

Умовай быў выезд за мяжу. Вызваленых павезлі ў Літву, аднак Статкевіч адмовіўся выконваць умову Лукашэнкі. Некаторы час ён правёў паміж памежнымі пераходамі Каменны Лог (Беларусь) і Мядзінінкай (Літва), пасля чаго вярнуўся на беларускую тэрыторыю.

Яго далейшы лёс не быў вядомы. У асяроддзі палітыка не выключалі, што яго вярнулі ў калонію ў Глыбокім (Віцебская вобласць), дзе ён раней утрымліваўся.

Адамовіч падала ў міліцыю заяву ў сувязі з яго знікненнем. 17 верасня яна наведала калонію ў Глыбокім, дзе ёй адмовіліся пацвердзіць месцазнаходжанне мужа, паабяцаўшы, што адказ будзе дадзены “ў пісьмовым выглядзе” ў 15-дзённы тэрмін.

Напрыканцы лістапада “Вясна” паведаміла, што сваякі Статкевіча атрымалі ліст з МУС, паводле якога палітвязень “адбывае пакаранне ў адпаведнасці з прыгаворам ад 14.12.2021”. Пры гэтым дакладнае месцазнаходжанне так і не было пазначанае.

17 верасня на сустрэчы з “ідэалагічным актывам, гістарычнай і экспертнай супольнасцю”, прысвечанай “дню народнага адзінства”, Лукашэнка выказаўся пра сваіх палітычных праціўнікаў, якіх выпускаюць на волю. Паводле яго слоў, “некаторыя здзяйснялі і досыць сур’ёзныя злачынствы”.

“Ну [возьмем] нават вось гэтага Статкевіча. Ну, чалавек ужо на зыходзе. Ён жа ўжо хутка памрэ, не дай бог, у турме (Статкевічу 69 гадоў, Лукашэнку 71 год. — “Позірк”.). Ну навошта гэта трэба? Ну, ён хоча быць лідарам. Туды зайшоў — нібыта на нейтральную ці куды паласу, перайшоў да літоўцаў, хлопцы спыталі: “Ты што, у Беларусь хочаш? Ты ж у турму пойдзеш. — Пайду ў турму”, — перадаў Лукашэнка нібыта словы Статкевіча.

“Ну, добра. Забралі яго. Не кінуць яго, усё ж наш чалавек, грамадзянін, дакладней, наш. Ну, забралі яго ў Беларусь. Навошта крыўдзіць? Але калі ён хоча лідарам быць па спальванні аўтамабіляў і дамоў міліцыі, то няхай там знаходзіцца”, — сказаў Лукашэнка, не ўдакладніўшы месцазнаходжанне Статкевіча.

Падзяліцца: