Мінск 13:42

Лукашэнка назваў сілавікоў “апорай міру і стабільнасці”, без якіх “не будзе краіны”

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

23 лютага, Позірк. Сілавікі з’яўляюцца “апорай міру і стабільнасці ў краіне” і карыстаюцца “заслужанай павагай усяго беларускага народа”, заявіў Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння дзяржузнагарод і генеральскіх пагонаў, прымеркаванай да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл (23 лютага).

“Нядаўна, сустракаючыся з навукоўцамі, я сказаў, што без навукі мы не маем будучыні, — цытуе палітыка яго прэс-служба. — Дадам, што без людзей у пагонах, якія стаяць на варце правапарадку і закону, мы агулам нічога не будзем мець, у тым ліку і краіны”.

На думку Лукашэнкі, узнагароды і пагоны стануць для сілавікоў “добрым стымулам для далейшай працы”. “Таксама перакананы, што калі спатрэбіцца, кожны з вас без ваганняў зробіць усё магчымае і немагчымае для абароны Беларусі — надзейна і з годнасцю, як мае гэта зрабіць сапраўдны афіцэр”, — сказаў ён.

Палітык нагадаў, што ў 2026-м спаўняецца “85 гадоў ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны, калі ў краіну прыйшла вялікая бяда, якой народы СССР далі рады коштам неймаверных страт і нястач”.

“Мы бачым, што сёння міжнародная абстаноўка падобная да таго няпростага перыяду ў нашай краіне, — заявіў спікер. — Захадам мэтанакіравана нагнятаецца ваенная істэрыя, бесперапынна растуць вайсковыя бюджэты [краін] НАТО, паскараюцца тэмпы мілітарызацыі Еўропы, асабліва нашых суседзяў на Захадзе”.

Выказаўшы меркаванне, што “сістэма стрымак і проціваг, якая раней забяспечвала агульнаеўрапейскую бяспеку, разбураная”, Лукашэнка заявіў, што “свет уцягваецца ў чарговую вар’яцкую гонку ўзбраенняў, у тым ліку ядзерных”. Пры гэтым ён не згадаў, што працэс па ўмацаванні абароны заходніх краін і нестабільнасць у рэгіёне распачаліся пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, якое адбылося ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

На думку палітыка, асноўная задача “ўсіх людзей добрай волі, якія жывуць на планеце”, — зрабіць “усё магчымае і немагчымае, каб не дапусціць новай сусветнай бойні”.

“Мы рабілі і будзем гэта рабіць, таму што такія патрабаванні часу. Народ Беларусі мусіць быць упэўненым у нашай здольнасці, здольнасці вайскоўцаў гарантаваць бяспеку краіны. Галоўнымі нашымі аргументамі мае быць еднасць народа, моцнае войска, высокі маральны дух, вывучка нашых салдат і афіцэраў, усіх сілавых структур”, — заявіў ён.

Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць “бесперапыннага ўмацавання абараназдольнасці краіны і гарантавання яе бяспекі”.

Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года сілавы апарат Беларусі актыўна ўдзельнічаў у падаўленні пратэстаў. Небывалыя рэпрэсіі выклікалі востры грамадска-палітычны крызіс, які цягнецца дагэтуль. На думку многіх экспертаў, Лукашэнка змог утрымацца ва ўладзе толькі дзякуючы дапамозе РФ, што дазволіла Крамлю яшчэ больш прывязаць да сябе яго рэжым і пасля выкарыстаць беларускую тэрыторыю для агрэсіі супраць украінскага народа.

Падзяліцца: