Мінск 15:48

Варшаўскі суд 5 сакавіка правядзе папярэдняе пасяджэнне па справе пра напад на Латушку ўлетку 2025 года

Архіўныя фота: "Позірк", старонка Казанцава ў сацсетцы / калаж: "Позірк"

22 лютага, Позірк. Папярэдняе пасяджэнне па справе пра напад на намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушку ўлетку 2025 года ў польскай сталіцы прызначанае на 5 сакавіка ў судзе раёна Варшава-Срудмесце, вынікае з інфармацыі прэс-службы АПК.

Паводле слоў палітыка, якія прыводзіць структура, суд паведаміў яму, што ў гэты дзень адбудзецца “пасяджэнне па разглядзе абвінаваўчага заключэння, унесенага Раённай пракуратурай Варшавы, аб вынясенні прысуду ў дачыненні да Яўгена Казанцава”.

Адзначаецца, што Казанцаву выстаўленыя абвінавачанні паводле ч. 1 арт. 212 (паклёп) і ч. 1 арт. 217 (парушэнне фізічнай недатыкальнасці) Крымінальнага кодэкса Польшчы.

Апісаная палітыкам сутнасць пасяджэння кажа пра тое, што 5 сакавіка суд фактычна будзе вырашаць, ці прызначаць асноўны разгляд справе, вяртаць матэрыялы пракурору на дапрацоўку альбо спыняць вытворчасць, калі для гэтага маюцца падставы.

Напад на Латушку адбыўся 2 ліпеня 2025 года падчас урачыстага сходу ў дэпартаменце ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта. “Нападнік кінуў у мяне вядро і крычаў на ўсю залу, што я — “здраднік і хацеў спаліць апазіцыянераў”, паўтараючы ўчорашнюю хлусню [Аляксандра] Лукашэнкі. У цяперашні момант ён затрыманы паліцыяй. У апошнія дні я атрымліваў папярэджанні пра планаваныя ў дачыненні да мяне правакацыі і пагрозы жыццю, у тым ліку сёння ранкам”, — заявіў тады палітык.

Напад здзейсніў грамадзянін Беларусі Яўген Казанцаў, гісторык паводле адукацыі, які тады праходзіў навучанне ў рамках праграмы маладых навукоўцаў у Еўрапейскай школе ў Варшаве (Szkoła Europejska w Warszawie; SEW).

Свой учынак мужчына патлумачыў тым, што ў яго “скончылася віза”. Паводле слоў Казанцава, ён “выгарэў і не змог абараніць навуковую працу”, а напад на Латушку дазволіць яму “свабодна вярнуцца ў Беларусь”.

14 ліпеня стала вядома, што Казанцаў дэпартаваны з Польшчы.

Падзяліцца: