Мінск 13:16

Па факце траўмавання дзіцяці ва Уздзенскім раёне адкрыта крымінальная справа

Фота: прэс-служба СК

22 лютага, Позірк. Па факце сур’ёзнага траўмавання 9-гадовага хлопчыка ва Уздзенскім раёне (Мінская вобласць) узбуджаная крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху, якое прывяло да нанясення цяжкага цялеснага пашкоджання), паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, інцыдэнт адбыўся ўдзень 21 лютага на вул. Цэнтральнай у в. Падсацкія. Дзіця каталася з горкі ў лесапаласе побач з сямейным лецішчам.

“Спуск перасякаў прасёлкавую дарогу, — адзначае СК. — У момант чарговага з’езда хлопчык сутыкнуўся з заднім колам паштовага аўтамабіля “УАЗ”, які праязджаў па дарозе. Дзіця атрымала сур’ёзныя траўмы галавы і было экстрана дастаўленае ў бальніцу”.

Следчы разам са спецыялістамі Дзяржкамітэта судовых экспертыз агледзеў месца здарэння, зафіксаваў следавую карціну. Спуск, як паведамляецца, “не быў падрыхтаваны для зімовых забаў”.

Пра шпіталізацыю 9-гадовага дзіцяці, якое атрымала траўму падчас катання на цюбінгу ў выніку сутыкнення з аўтамабілем, напярэдадні паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя. Заяўлялася, што хлопчык шпіталізаваны ў сталічны РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі.

Падзяліцца: