Мінск 01:06

Дзевяцігадовае дзіця каталася на цюбінгу ва Уздзенскім раёне і трапіла пад колы аўтамабіля, яно шпіталізаванае

21 лютага, Позірк. Аб шпіталізацыі дзевяцігадовага дзіцяці пасля дарожна-транспартнага здарэння ва Уздзенскім раёне паведамляе Дзяржаўтаінспекцыя Мінскага аблвыканкама.

“21 лютага каля 13:45 на вул. Цэнтральная ў вёсцы Падсадскія <…> хлопчык, з’язджаючы з горкі на цюбінгу, выехаў на праезную частку дарогі, дзе здзейсніў сутыкненне з аўтамабілем “УАЗ” пад кіраваннем кіроўцы 1969 года нараджэння”, — адзначае ДАІ.

З цялеснымі пашкоджаннямі дзіця шпіталізаванае ў РНПЦ Неўралогіі і нейрахірургіі (Мінск).

Па факце ДТЗ праводзіцца праверка.

З пачатку зімовага сезону (з 26 лістапада 2025 года) у Беларусі зарэгістравана 16.353 пацярпелых ад галалёдных і халадовых траўмаў, паведаміла 16 лютага прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Больш за ўсё людзей пацярпела ад падзенняў — 15.177 (з іх 3.045 — дзеці).

992 чалавекі (665 — дзеці) атрымалі траўмы пры катанні на цюбінгах, лядзянках, санках і г.д.

Толькі з-за галалёдных траўмаў па дапамогу да медработнікаў у мінулыя выхадныя звярнулася больш за 700 грамадзян.

У Брэсцкай вобласці за названы перыяд па меддапамогу звярнуўся 2.251 чалавек (халадовыя траўмы дыягнаставаныя ў 186, галалёдныя — у 2.065, шпіталізавана 374), Віцебскай — 1.892 (адпаведна 148, 1.744, 260), Гомельскай — 3.264 (231, 3.033, 381), Гродзенскай — 1.337 (148, 1.189, 322), Мінскай — 2.364 (244, 2.120, 371), Магілёўскай — 3.199 (178, 3.021, 478), Мінску — 2.046 (41, 2.005, 236).

Падзяліцца: