Мінск 20:47

Паўгода таму знік Анатоль Котаў, пра яго лёс нічога невядома

Фота: belinstitute.com

21 лютага, Позірк. Роўна паўгода няма ніякай інфармацыі пра лёс міжнароднага каардынатара Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці (БФСС) Анатоля Котава, які знік у Турцыі 21 жніўня 2025 года.

Жонка Котава Анастасія Піліпчык атрымала ад яго апошняе паведамленне ў 21:12 па польскім часе 21 жніўня, а апошняе яе паведамленне, якое ён прагледзеў, было адпраўлена ў той дзень у 21:28. Пасля гэтага Котаў на сувязь больш не выходзіў.

23 і 24 жніўня Піліпчык патэлефанавала і напісала ў Генеральнае консульства Польшчы ў Стамбуле і звярнулася ў раённае аддзяленне паліцыі ў Варшаве. 25 жніўня яна адправіла заяву аб знікненні чалавека ў Дэпартамент паліцыі Стамбула па электроннай пошце.

Усе гэтыя дзеянні не далі вынікаў.

27 жніўня Піліпчык падала заяву ў пракуратуру Польшчы аб знікненні Котава. Праваахоўныя ведамствы Польшчы не сталі ўзбуджаць справу, бо ён не з’яўляецца грамадзянінам Польшчы і знік на тэрыторыі іншай дзяржавы.

Пра тое, што Котаў, які прыбыў 21 жніўня з Варшавы ў Стамбул, увечары таго ж дня пакінуў Турцыю праз порт Трабзона, паведаміла 28 жніўня турэцкае навінавае агенцтва IHA.

Пазней у той жа дзень кіраўнік БФСС Аляксандр Апейкін паведаміў, што “калегі і блізкія Анатоля Котава мяркуюць яго прымусовую неафіцыйную экстрадыцыю з тэрыторыі Турцыі”.

Пра тое, што Котаў накіраваўся ў Сочы на прыватнай яхце, паведаміла Deutsche Welle са спасылкай на “крыніцу ў паліцыі Трабзона” 29 жніўня.

27 жніўня БФСС заклікаў міжнародную спартыўную супольнасць і праваабарончыя арганізацыі “тэрмінова звярнуць увагу на знікненне” функцыянера, якога назваў “заўважным спартыўным чыноўнікам” і “даўнім абаронцам правоў беларускіх спартсменаў”.

БФСС адзначаў, што Котаў 21 жніўня адправіўся ў Стамбул па “прафесійных справах”.

Котаў — экс-супрацоўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі і Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, былы генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта, дыпламат з досведам працы ў Міністэрстве замежных спраў.

У 2020 годзе пакінуў дзяржслужбу, падтрымаў масавыя пратэсты і далучыўся да БФСС. Неўзабаве пасля гэтага эміграваў у Польшчу.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці быў заснаваны спартыўнымі функцыянерамі і атлетамі ў адказ на падзеі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Займаецца падтрымкай спартсменаў, якія падвергліся пераследу, і абаронай іх правоў. Прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Падзяліцца: