Мінск 20:07

МНС паведаміла пра выратаванне 12 чалавек на пажары ў Паставах

Відэа: МНС Стоп-кадр: “Позірк”

21 лютага, Позірк. Пра выратаванне 12 чалавек на пажары ў Паставах (Віцебская вобласць) паведаміла 21 лютага Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

“Паведамленне аб пажары ў інтэрнаце па вуліцы Гайдара паступіла ратавальнікам ад відавочцаў а 12:04. Па прыбыцці да месца выкліку назіралася задымленне з вокнаў другога і трэцяга паверхаў”, — адзначае ведамства.

Работнікі МНС эвакуіравалі людзей з другога і трэцяга паверхаў будынка, у ліку выратаваных — чацвёра дзяцей.

“Адзін чалавек пасля агляду брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі быў шпіталізаваны. Прычына і абставіны здарэння высвятляюцца. На месцы пажару працавалі чатыры адзінкі тэхнікі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле звестак МНС на раніцу 21 лютага, з пачатку 2026 года ў Беларусі здарылася 1.513 пажараў — на 57,4% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года (961), колькасць загінулых павялічылася на 53,5% (175 супраць 114), траўміраваных — у 2,3 раза (134 супраць 58), выратаваных — на 60% (112 супраць 70).

Падзяліцца: