Мінск 19:56

Упершыню ў гісторыі беларускія спартсмены засталіся на Алімпіядзе без медалёў

Марына Зуева
Фота: Нацыянальны алімпійскі камітэт

21 лютага, Позірк. Беларускія спартсмены завяршылі выступленні на XXV зімовых Алімпійскіх гульнях, якія праходзяць у Мілане і Карціна-д’Ампеца (Італія) з 6 па 22 лютага.

Беларусь была прадстаўлена сям’ю спартсменкамі ў пяці відах спорту.

У лыжных гонках Ганна Каралёва заняла 34-е месца ў скіятлоне 2×10 км, 48-е — спрынце на 1,5 км класічным стылем, 48-е — у гонцы на 10 км вольным стылем.

Канькабежка Марына Зуева спачатку паказала 15-ы час на дыстанцыі 3.000 м, затым заняла 6-е месца ў спаборніцтвах на 5.000 м (лепшае выступленне з усёй каманды). 21 лютага яна стартавала ў мас-старце, аднак не змагла выйсці ў фінал.

У кароткай праграме фігурыстка Вікторыя Сафонава заняла 26-е месца.

Лепшай з трох беларусак у лыжнай акрабатыцы стала алімпійская чэмпіёнка 2018-га і сярэбраны прызёр 2022-га Ганна Гуськова. У фінале яна заняла 8-е месца.

Анастасія Андрыянава і Ганна Дзяруга ў кваліфікацыі занялі 16-е і 17-е месцы адпаведна.

У гарналыжным слаламе Марыя Шканава была 37-й.

Айчынныя алімпійцы выступалі на Алімпіядзе ў нейтральным статусе праз санкцыі, накладзеныя на Беларусь з прычыны яе саўдзелу ў расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Да цяперашняй Алімпіяды беларусы (не ў складзе зборных СССР і аб’яднанай каманды былых рэспублік СССР) выступалі на зімовых Алімпіядах з 1994 года і пастаянна заваёўвалі медалі. Усяго ў скарбонцы зборнай 20 узнагарод: 8 залатых, 7 сярэбраных і 5 бронзавых.

У летніх Алімпіядах беларускія атлеты ўдзельнічаюць з 1996 года, кожны раз заваёўваючы медалі.

Падзяліцца: