Мінск 23:59

Двое мужчын памерлі ў Жыткавіцкім раёне праз атручванне алкаголем

Фота: ДКСЭ

20 лютага, Позірк. Пра смерць двух мужчын праз атручванне алкаголем у Жыткавіцкім раёне (Гомельская вобласць) паведамляе Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз (ДКСЭ).

У снежні 2025 года 53-гадовы мужчына памёр “ад цяжкай ступені алкагольнай інтаксікацыі”. Адзначаецца, што канцэнтрацыя этанолу ў яго крыві склала 5,6 праміле.

“Яго цела знайшлі сваякі. Падчас агляду дома вяскоўца эксперты звярнулі ўвагу на гару бутэлек з-пад алкагольных напояў. Тара ў адным з гаспадарчых памяшканняў займала кут плошчай 3×4 метры, глыбіня нагрувашчвання складала каля метра”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле даных ДКСЭ, мужчына “пражываў адзін, нідзе не працаваў, перабіваўся выпадковымі заробкамі, вёў асацыяльны лад жыцця, злоўжываў спіртным”.

У студзені “пры падобных абставінах” памёр 73-гадовы мясцовы жыхар. Паводле заключэння эксперта, канцэнтрацыя алкаголю ў яго крыві склала 4 праміле. У доме мужчыны таксама выяўлены “склад пустой тары з-пад алкаголю”.

“Атручванне этылавым спіртам з’яўляецца адной з найбольш распаўсюджаных формаў алкагольнай інтаксікацыі, — адзначыла начальнік сектара судова-медыцынскіх экспертыз па Жыткавіцкім раёне — дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт Святлана Вараб’ёва. — Этылавы спірт, які змяшчаецца ў віне і гарэлцы, пры траплянні ў арганізм выклікае шэраг фізіялагічных рэакцый, уключаючы парушэнне функцый цэнтральнай нервовай сістэмы, печані і сардэчна-сасудзістай сістэмы. У высокіх канцэнтрацыях прыводзіць да лятальнага канца”.

Беларусь знаходзіцца на першым месцы ў свеце паводле ўзроўню смяротнасці, звязанай з ужываннем алкаголю, паведаміў тэлеграм-канал “Белыя Халаты” (медыяпраект фонду медыцынскай салідарнасці BYMEDSOL) са спасылкай на даследаванне, апублікаванае ў аўтарытэтным часопісе The Lancet Public Health у верасні 2025 года.

Група навукоўцаў з Германіі, Канады і ЗША прааналізавала стандартызаваныя паводле ўзросту паказчыкі смяротнасці і DALY (гады жыцця, скарэктаваныя паводле непрацаздольнасці) — страчаныя “як праз заўчасную смерць, так і праз хваробы, выкліканыя алкаголем”.

“Паводле ўзроўню смяротнасці, выкліканай алкаголем, Беларусь заняла першае месца сярод усіх краін, ахопленых даследаваннем, — паведаміў тэлеграм-канал. — Узрост-стандартызаваны паказчык склаў 164,3 смерці на 100 тыс. чалавек (дыяпазон нявызначанасці: 147,5–179,4). Для параўнання: у Малдове гэты паказчык — 162,3, а ва Украіне — 156,9. Такім чынам, рызыка памерці ад прычын, звязаных з алкаголем, у Беларусі вышэйшая, чым у найбліжэйшых суседзяў і вышэйшая, чым дзе б там ні было яшчэ”.

Калі глядзець на сумарныя страты DALY, то Беларусь знаходзіцца на трэцім месцы ў свеце. Адзначалася, што на кожныя 100 тыс. насельніцтва прыпадае 5.596,2 страчаных гадоў жыцця і здароўя. Гэта супастаўна з паказчыкам Украіны (5.667,9) і толькі крыху менш, чым у Расіі (5.772,4).

Паводле слоў псіхіятра Уладзіміра Пікірэні, прыблізна такая ж алкагольная смяротнасць у Беларусі была “і 20, і 30 гадоў таму”.

Падзяліцца: