Мінск 13:48

Прэс-служба Лукашэнкі дзяжурна паведаміла пра змест яго ўчорашняй размовы з Пуціным

Архіўныя фота: president.gov.by, kremlin.ru / калаж: "Позірк"

20 лютага, Позірк. Паведамленне пра змест тэлефоннай размовы з Уладзімірам Пуціным, якая адбылася 19 лютага, неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі апублікаваў ранкам 20 лютага — больш чым праз 13 гадзін пасля таго, як гэта зрабіў Крэмль.

Сутнасць размовы прадстаўленая дзяжурна і толькі крыху пашырае інфармацыю, якую напярэдадні ўжо раскрыла прэс-служба прэзідэнта Расіі.

“Сапраўды, напярэдадні ўвечары адбылася тэлефонная размова кіраўнікоў дзяржаў, — гаворыцца ў паведамленні. — Прэзідэнты дадаткова абмеркавалі пытанні, якія плануецца разгледзець на будучым пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета [Саюзнай дзяржавы]. Яно, як вядома, пройдзе ўжо на наступным тыдні ў Маскве. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін зверылі гадзіннікі па парадку дня будучага мерапрыемства і найбольш актуальных тэмах, якія трэба абмеркаваць як у шырокім коле, так і тэт-а-тэт. У размове таксама былі закранутыя некаторыя пытанні беларуска-расійскіх стасункаў”.

Увечары 19 лютага сайт Крамля праінфармаваў, што Пуцін і Лукашэнка “абмеркавалі пытанні падрыхтоўкі пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, якое мае адбыцца на наступным тыдні ў Маскве”.

Парадак дня запланаванага на 26 лютага пасяджэння ВДС СД быў абнародаваны 17 лютага.

У яе ўключаныя, у прыватнасці, пытанні “ўзаемнай падтрымкі і супрацы ў галіне міжнароднага правасуддзя”.

Таксама на пасяджэнні плануецца абмеркаваць напрамкі рэалізацыі Дагавора аб стварэнні СД, пытанні прыгарадных пасажырскіх чыгуначных зносін паміж прыгранічнымі тэрыторыямі, стварэнне Камітэта па стандартызацыі і якасці СД, прысуджэнне прэмій СД у галіне літаратуры і мастацтва за 2025–2026 гады.

Асобнымі пунктамі парадку дня з’яўляюцца абмеркаванне пытанняў да пасяджэнняў ВДС на 2026 год і выканання рашэнняў гэтага органа.

Папярэдняя тэлефонная размова Пуціна і Лукашэнкі, пра якую паведамлялася па афіцыйных каналах, адбылася 8 лютага.

16 лютага Лукашэнка заявіў, што ва ўзаемаадносінах Беларусі і Расіі “куча праблем”, якія бакі павінны абмеркаваць на будучым ВДС.

Падзяліцца: